Галоўны герой выпадку на Нямізе не трымае зла на міліцыянтаў


Учора група мінакоў намагалася абараніць ад працаўнікоў міліцыі мужчыну сярэдняга ўзросту. Людзей абурыла тое, што на чалавека з акрываўленаю галавою ды парванаю вопраткаю міліцыянты намагаліся надзець кайданкі.

Сёння ў судзе Цэнтральнага раёну Менску адбыўся разгляд адміністратыўнай справы ў дачыненні Алега Кудрачова – учорашняга затрыманага. Яму прысудзілі штраф памерам 20 баз. вел. (700 тыс. руб.), абвінаваціўшы ў парушэнні грамадскага парадку і супраціве працаўнікам міліцыі.

Алег распавёў, што «заўсёды намагаецца дапамагаць людзям, у выніку чаго ўвесь час здараюцца падобныя сітуацыі».

«Выпадак ў прынцыпе шараговы, – кажа ён, – кантралёр у аўтобусе, хлопец аказаўся без квітка – заплаціў, але пазней, чым трэба. Падышоў міліцыянер, што ехаў па сваіх справах. І ўсё было б нічога, каб яны адэкватна адрэагавалі. Але калі кантралёр сказала, што выкліча нарад міліцыі, а хлопец быў спакойны, ціхі як трава – я не вытрымаў, падышоў да іх і завязалася сварка. Прапанаваў: давайце цяпер выйдзем і адпусцім хлопца з мірам – квіток жа прабіў, хоць і спазніўся. Але кантралёр не хацела саступаць. Тады сказаў хлопцу, каб той уцякаў, а сам, што называецца «застаўся на з’ядзенне» працаўнікам міліцыі. Затрымаць адразу ім мяне не атрымалася. Я вырываўся, а ў рэжыме актыўных дзеянняў, вядома, мала што разумееш. Гэта, можа быць, не было правільна», – кажа Алег.

Мужчына не шкадуе пра здарэнне. «З выключна асабістых прычынаў, у мяне атрымалася выратаваць чалавека. Ён вёў сябе спакойна і, на мой погляд, заслугоўваў выбачэння».

Сур’ёзных пашкоджанняў у Алега няма: «Прынамсі, калі ёсць, то незаўважныя. Яшчэ куртка і кашуля парваныя – нічога страшнага».

Больш за тое, ён не трымае зла на працаўнікоў міліцыі: «Усё павінна ператварацца ў нармальныя адносіны. Вядома, розныя людзі бываюць, але калі трымаць за злое, то гэта вернецца бумерангам», – упэўнены Алег Кудрачоў.

Тым не менш, ён публічна просіць прабачэння за свае дзеянні «ў дачыненні працаўнікоў, ад якіх пацярпеў. Магчыма, яны пацярпелі не ад мяне, але ў большай ступені ад людзей, што ўдзельнічалі ў гэтых падзеях».

Belsat.eu

Стужка навінаў