Юрась Чавусаў у «Гарачым каментары»


«Калі б «генералаў Плошчы» не было, Лукашэнку варта было б іх прыдумаць».

Яшчэ ўчора, 25 траўня, Аляксандр Лукашэнка намякнуў, што палітвязняў могуць выпусціць. Сёння экс-кандыдаты на прэзідэнцтва Дзмітрый Вус і Мікалай Статкевіч атрымалі жорсткія прысуды – 5,5 і 6 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна. Чаму?

Паводле палітолага Юрыя Чавусава, Аляксандр Лукашэнка зрабіў гэтую заяву з разлікам на «гандаль» палітвязнямі ў абмен на крэдыты. І ён, відавочна, пакуль не атрымаў з Захаду адпаведных сігналаў.

«Еўразвяз знаходзіцца ў складанай сітуацыі, бо не мае цяпер каналаў камунікацыі з беларускім рэжымам, – падкрэсліў палітолаг. – Арганізатары папярэдніх перамоваў спадар Вэстрэвэле і спадар Шварцэнбэрг фактычна распісаліся ў сваёй недзеяздольнасці. Не выключана, што падчас візіту Лукашэнкі ў Казахстан абмяркоўвалася тэма пасярэдніцтва ў перамовах паміж Беларуссю і ЕЗ».

Застаецца надзея на ўмоўна датэрміновае вызваленне, ёсць магчымасць памілавання, не трэба забывацца і на варыянт Казуліна і Клімава, калі іх насуперак усім прававым нормам вызвалілі падчас мінулага туру гандлю палітвязнямі.

«Калі б «генералаў Плошчы» не было, Лукашэнку варта было б іх прыдумаць, – мяркуе Чавусаў. – Апазіцыя выступіла на Плошчы, калі грамадства яшчэ не адчувала эканамічнай небяспекі. Цяпер, з аднаго боку, пратэсты няма каму ўзначаліць, з іншага – людзі застрашаныя, хоць градус патэнцыйнай гатоўнасці да ўдзелу ў пратэстах вельмі павысіўся».

belsat.eu

Стужка навінаў