На Плошчу нікога не клічуць, “Сацыяльны марш” магчымы


На ўсіх прадпрыемствах Беларусі – пратэстныя настроі. Апазіцыя распрацоўвае праграмы выйсця з крызісу.

Прадстаўнікі апазіцыі распрацоўваюць праграмы выйсця з крызісу, якія ўвосень хочуць абмеркаваць з жыхарамі абласных гарадоў і 48 райцэнтраў. Пра гэта стала вядома 26 траўня на прэс-канферэнцыі ініцыятыўнай групы па правядзенні акцыі “Беларускі сход”.

Падчас сустрэчаў прадстаўнікі апазіцыі прэзентуюць народу свае антыкрызісныя праграмы. Па выніках сустрэчаў кіраўніцтву краіны выставяць патрабаванні па паляпшэнні сацыяльна-эканамічнай сітуацыі.
Паводле намесніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Льва Марголіна, калі ўлады адкінуць апазіцыйную праграму выйсця з крызісу і не змогуць стабілізаваць сітуацыю ў краіне, апазіцыя будзе патрабаваць адстаўкі чыноўнікаў усіх узроўняў і правядзення свабодных дэмакратычных выбараў.

Намеснік старшыні Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Валеры Ухналёў распавёў, што яшчэ адна мэта акцыі – дапамагчы людзям пераадолець страх перад публічнымі дзеяннямі.
Арганізатары абяцаюць зрабіць усё, каб “не было ніякай правакацыі з боку ўладаў”, запэўніў старшыня Беларускага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч. Ён заўважыў, што арганізатары нікога не клічуць на Плошчу.

Паводле Фядыніча, народ будзе пратэставаць на вуліцы толькі ў тым выпадку, калі не выканаюць ягоныя патрабаванні. “Яшчэ 1 траўня прафсаюз правёў мітынг, на якім выпрацавалі патрабаванні і агучылі ідэю “Сацыяльнага маршу”. <…>Вельмі шмат людзей звяртаюцца сёння ў прафсаюз, у грамадскія арганізацыі. Аднак у краіне няма адзінага штабу, які б каардынаваў пратэстныя настроі, якія сёння ёсць на ўсіх прадпрыемствах Беларусі”.

Правядзенне кампаніі падтрымалі незалежны прафсаюз РЭП, партыя “Справядлівы свет”, Аб’яднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт па стварэнні партыяў “Беларускі рух” і Народная Грамада (лідар аргкамітэту – Мікола Статкевіч), Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада і кампанія “Гавары праўду!”

belsat.eu
https://youtu.be/6cJmbeIU3xI

Глядзі таксама
Каментары