У Маскве адкрылася выстава «Святая Русь»


У Маскве, у Трацякоўскай галерэі, 25 траўня адкрылася выстава «Святая Русь». На ёй сабрана каля 450 экспанатаў з Луўру і 25 музеяў, бібліятэк і архіваў Расеі, каб паказаць гледачу прыгажосць старажытнарускага мастацтва Х–XVIII стст. Год таму такая выстава адбылася ў Парыжы, цяпер арганізатары прывезлі яе ў Маскву.

На выставе можна ўбачыць вядомую на ўвесь свет 600-кілаграмовую браму, абабітую золатам, з кафедральнага сабору ў Суздалі, цудадзейныя іконы ХІ стагоддзя, Бібліі, упрыгожаныя каштоўнымі камянямі, і шмат іншага. «Спачатку ідэя такога дзяржаўнага праекту складалася ў тым, што ён вельмі дарагі і цяжкі ў сваім выкананні, бо яго ні з якімі спонсарамі ніводзін музей не зможа арганізаваць. Гэта магчыма зрабіць толькі на дзяржаўным узроўні», – падкрэсліла генеральная дырэктарка дзяржаўнай Трацякоўскай галерэі Ірына Лебедзева.

«Нам хацелася, каб атмасфера выставы прымушала праз эмоцыі зацікавіцца сваёй уласнаю гісторыяй, сваёй уласнаю мастацкаю культураю, сваёй уласнаю духоўнаю культураю», – заявіла Ірына Лебедзева. Яна падкрэсліла, што прыняцце хрысціянства – вельмі важная падзея ў гісторыі, бо гэта паклала пачатак фармаванню праваслаўнай культуры Расеі.

Цікава, што выстава праходзіць у будынку, пабудаваным у 1970-я гг., які лічыўся галоўнаю савецкаю галерэяй. У былым СССР рэлігія выключалася з грамадскага жыцця, шматлікія цэрквы былі разбураныя або ператвораныя ў клубы ці крамы.

Belsat.eu

Стужка навінаў