Беларускія дэпутаты супраць рэкламы


Яны прапаноўваюць абмежаваць частату рэкламных паўзаў ды іх працягласць на тэлебачанні.

Паводле дэпутаткі Таццяны Філімончык, парламентарыі настойваюць на змене закону «Аб рэкламе». «Працягласць рэкламы на беларускім тэлебачанні ў прайм-тайм самая вялікая ў свеце – 18 хвілінаў. Мы прапаноўваем яе скараціць да 9–15 хвілінаў», – заявіла дэпутатка.

Сапраўды, 12–15 хвілінаў – гэта максімальны час дэманстрацыі рэкламы ў свеце. У Расеі ды Украіне, напрыклад, працягласць рэкламы не мусіць перавышаць 9 хвілінаў, у Літве – 12 хвілінаў.

Парламентарыі таксама хочуць заканадаўча замацаваць норму 45 хвілінаў – часу, на працягу якога будзе забаронена перарываць асноўную трансляцыю на рэкламу. Спасылаюцца чыноўнікі на сацыяльныя даследаванні, паводле якіх 90 % апытаных выказваюцца за тое, каб скараціць колькасць рэкламы, і толькі 1,5 % ставяцца да рэкламы цярпіма.

Магчымыя змены заканадаўства ўжо негатыўна ўспрыняло кіраўніцтва дзяржаўных беларускіх тэлеканалаў. На іх абарону ўстала і Міністэрства інфармацыі. Аднак канчатковае рашэнне прымуць на супольным паседжанні, куды ў якасці экспертаў запрасілі прадстаўнікоў Адміністрацыі прэзідэнта.

Інтарэсы дэпутатаў і тэлевізійнікаў сутыкнуліся таксама ў пытанні піва. Паводле маркетолага Івана Гурэвіча, гэта адна з найбольш прыбытковых рэкламаў на ТБ. «Прайм-тайм запоўнены рэкламаю піва, і паводле рэйтынгу менавіта гэтая рэклама займае першыя пазіцыі паводле якасці, ідэі ды ўкладзеных сродкаў», – адзначыў эксперт.

Парламентарыі настойваюць на тым, каб забараніць рэкламу піва ў перыяд з 7.00 да 22.00 (цяпер – да 20.00). Іх падтрымлівае Міністэрства аховы здароўя і Генеральная пракуратура. Супраць выступаюць не толькі тэлеканалы, але і піваварныя кампаніі, Міністэрства гандлю і канцэрн «Белдзяржхарчпрам».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары