Мікалаю Статкевічу – 6, Вусу – 5 з паловаю


Экс-кандыдаты на прэзідэнта Мікалай Статкевіч ды Дзмітрый Вус асуджаныя судом Ленінскага раёну Менску адпаведна на 6 і 5 з паловаю гадоў пазбаўлення волі. Дзмітрыя Вуса, які раней быў пад падпіскай аб нявыездзе, узялі пад варту ў зале суда.

Былы міліцыянт Аляксандр Класкоўскі прысуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Абвінавачаныя ва ўдзеле ў масавых беспрадках 19 снежня Аляксандр Квяткевіч, Зміцер Буланаў, Арцём Грыбкоў атрымалі 3 з паловаю, 3 і 4 гады пазбаўлення волі адпаведна, Андрэй Пазняк атрымаў два гады без скіравання ў калонію.

«На старэнькую маці Дзмітрыя Вуса без слёз немагчыма было глядзець – жанчына ледзь выйшла з судовай залы. У маці Аляксандра Квяткевіча здарылася істэрыка, мы як маглі прыводзілі яе ў нармальны стан», – распавяла «Белсату» праваабаронца Людміла Гразнова.

Яна адзначае, што пасля ўчорашніх заяваў Лукашэнкі шмат хто спадзяваўся на больш мяккі прысуд. Гэтаму спрыяла і тое, што агучванне выраку перанеслі на некалькі дзён. «Гэтым прысудам усё сказана. Лукашэнку не патрэбны дыялог ні з Захадам, ні з грамадзянскаю супольнасцю, ні з апазіцыяй. Яму патрэбныя толькі грошы, якія ён спадзяецца атрымаць ад Расеі», – адзначыла кіраўніца «Праваабарончага альянсу».

18 траўня дзяржаўны абвінаваўца Кірыл Чубкавец папрасіў асудзіць Мікалая Статкевіча да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Дзмітрыя Вуса – да 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Аляксандра Класкоўскага (паводле сукупнасці злачынстваў) – да 8 з паловаю гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Аляксандра Квяткевіча, Дзмітрыя Буланава, Андрэя Пазняка і Арцёма Грыбкова – да 4 гадоў кожнага.

Адвакаты асуджаных паведамілі пра намер абскардзіць выракі. Праваабаронца Алена Танкачова ўказвае на тое, што зняволеных асудзілі беспадстаўна: «Масавых беспарадкаў 19 снежня не было. Адвакаты павінны дамагацца таго, каб іх падабаронным перакваліфікавалі артыкул».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары