Грузія: Апазіцыю разагналі слезацечным газам


У ноч на 26 траўня ў цэнтры Тбілісі, дзе паліцыя разганяла удзельнікаў несанкцыянаванага мітынгу, загінулі 2 чалавекі. Паводле Міністэрства ўнутраных справаў Грузіі, загінулых збілі машыны з картэжу лідараў апазіцыі, якія спяшаліся з’ехаць з месца акцыі пратэсту.

Адзін з загінулых – працаўнік паліцыі Уладзімір Масхулашвілі. Другі – былы паліцэйскі Надар Цхададзэ (паводле інфармацыі МУС, ён быў сярод мітынгоўцаў).

Звесткі пра загінулых пацвердзіла Нацыянальнае бюро медэкспертызы, якое паведаміла пра паступленне да іх двух целаў з “пашкоджаннямі ў выніку аўтатранспартнага наезду”. На відэа, што з’явілася ў сеціве, зафіксаваны момант аднаго з наездаў, які, магчыма, здзейсніў джып з картэжу Ніно Бурджанадзэ (адна з арганізатарак мітынгу) і ейнага мужа Бадры Біцадзэ.

Бурджанадзэ адмаўляе, што ейныя аўтамабілі датычныя да трагедыі, і кажа, што гатовая перадаць аўты на экспертызу.

Канфлікт са спецназам адбыўся ў выніку таго, што ўначы на 26 траўня скончыўся тэрмін заяўкі, пададзенай арганізатарамі мітынгу. Тысяча мітынгоўцаў адмовілася пакідаць плошчу каля парламенту ўвечары 25 траўня. На гэтай плошчы сёння планавалася правесці вайсковы парад з нагоды Дня незалежнасці Грузіі, таму ўначы спецназ пачаў разгон пратэстоўцаў. Некаторых з іх збілі. Прадстаўнік МУС Шота Утыяшвілі заявіў пра 37 пацярпелых, якія застаюцца ў шпіталі, сярод іх 8 паліцыянтаў і адзін журналіст.

Мітынгоўцы ў Тбілісі збіраюцца з 21 траўня і патрабуюць адстаўкі Міхэіла Саакашвілі. Масавыя выступы адбываліся ў розных месцах: спачатку каля будынку тэлебачання, затым пры парламенце. Прэзідэнт Грузіі лічыць, што апазіцыя дзейнічае паводле сцэнара, напісанага за межамі краіны. Міхэіл Саакашвілі выказаў спачуванні сем’ям загінулых і сказаў, што апазіцыя прагнула “гвалту і ахвяраў”.

belsat.eu

Стужка навінаў