Алесь Аляхновіч у “Гарачым каментары”


Кіраўнік Беларусі абяцае пераадолець эканамічны крызіс. Асноўнаю прычынаю крызісу Аляксандр Лукашэнка назваў павелічэнне коштаў на энерганосьбіты. Ва ўрадзе гавораць пра адсутнасць ажыятажу, але пра павышаны попыт на тавары. У той жа час абяцаецца ўзняць пенсіі ды заробкі бюджэтнікам. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця прыпыніў усе праекты падтрымання Беларусі. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гатовы разглядаць пытанне пра вызваленне ўсіх палітвязняў.

Паводле эканаміста Алеся Аляхновіча беларуская эканоміка ўжо не першы год развіваецца марудна і траўматычна. Сёння Лукашэнка можа пайсці на вызваленне палітвязняў, каб прыцягнуць у краіну інвестараў. “ Дастаткова ўзгадаць вызваленне Казуліна ды іншых палітвязняў на пачатку эканамічнага крызісу – тады Беларусь здолела падпісаць пагадненне з Міжнародным Валютным Фондам. Я лічу, што калі Лукашэнка зараз выпусціць палітвязняў, распачне нейкую лібералізацыю, то ў яго вельмі хутка атрымаецца паразумецца з МВФ”, – лічыць спадар Аляхновіч.

Выглядае на тое, што Лукашэнка будзе працягваць сваю традыцыйную гульню з Захадам. І Захад, здаецца, не мае нічога супраць. Іншая рэч, што так забаўляцца далей Беларусь не можа. “Гэта будзе апошні акт такой гульні, – кажа эканаміст. – Беларусь штогод выдаткоўвае на 15 % болей, чым вырабляе, і ўсё гэта мы бярэм у крэдыт. На жаль, без замежных крэдытаў мы проста збанкрутуем”, – падкрэслівае эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў