Чалы: Пачаліся хваляванні ў працоўных калектывах


Паводле фінансавага аналітыка, улады пачнуць гульню з індэксацыяй заробкаў, што прывядзе да непрадказальнай сітуацыі на валютным рынку.

Каментуючы дэвальвацыю беларускага рубля, якая адбылася 24 траўня, фінансавы аналітык Сяргей Чалы выказаў меркаванне, што “выйсце на адзіны курс, мяркуючы з усяго, – адна з умоваў расейскага крэдытавання”.

Аднак новы курс – ніжэйшы і за міжбанкаўскі ды за той, што існуе на чорным рынку наяўнай валюты. “Нацбанк як кепскі артылерыст – увесь час страляе з недалётам. А прынцып вельмі просты: пералёт, недалёт, потым бярэш вілку і трапляеш у цэль трэцім стрэлам. Так амаль заўсёды праходзіць дэвальвацыя – з пералётам і наступнаю карэкцыяй зверху. А ў нас увесь час спрабуюць падысці знізу, таму цэль кожны раз аддаляецца. Лепей было б адзін раз адпусціць, і каб сам рынак вызначыў той узровень, які б стаў сапраўды раўнаважным”.

Паводле Сяргея Чалага, далейшае развіццё падзеяў будзе залежаць ад таго, ці пойдуць улады на папулісцкую спакусу – індэксацыю даходаў насельніцтва. “Мяркуючы з таго, што ўжо ёсць інфармацыя пра незадаволенасць працоўных калектываў, звязаную з ростам цэнаў, пра рэакцыю афіцыйных прафсаюзаў на зніжэнне ўзроўню жыцця, ёсць вялікая небяспека, што нашыя ўлады пачнуць гуляцца ў індэксацыю даходаў. Калі гэта адбудзецца, увогуле будзе немагчыма сказаць, на якім узроўні курс спыніцца”.

24 траўня намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур паведаміў, што найбліжэйшым часам будзе прынятае рашэнне аб падвышэнні ды пераразліку з 1 чэрвеня працоўных пенсіяў, а з ростам інфляцыі “будуць працягваць кампенсаваць заработную плату для ўсіх працаўнікоў бюджэтнай сферы”.

“Адзінае, што можна тут параіць, – кажа Сяргей Чалы, – проста перастаць рабіць выгляд, што вы чымсьці кіруеце, зняць усе існыя абмежаванні ды даць магчымасць рынку самому падабраць неабходны ўзровень”.

belsat.eu

Стужка навінаў