Падаражаў праезд


Адначасова на чыгунку, маршруткі ды таксі.

УП “Беларуская чыгунка” плануе павысіць кошты на міжнародныя пасажырскія перавозкі. Аднолькавага адсотку павелічэння на ўсе кірункі не будзе. “Кошты праезду ў цягніках, што ідуць у краіны СНД і Балтыі, павысяцца адэкватна павышэнню курсу швейцарскага франка, у заходнім кірунку – адэкватна змяненню курсу еўра”, – адзначылі ў прэсавай службе.

Рэч у тым, што з краінамі СНД і Балтыі падпісанае пагадненне аб міждзяржаўных чыгуначных тарыфах. Згодна з гэтым дакументам кожная чыгуначная адміністрацыя краіны мае права самастойна прызначаць каэфіцыенты да тарыфаў на квіткі ды плацкарту.

“95 % аб’ёму пасажырскіх перавозак з Беларусі прыпадае на зносіны з Расеяй і Украінаю”, – кажа начальнік аддзелу пасажырскай службы “Беларускай чыгункі” Уладзімір Столяр. У дачыненнях з гэтымі краінамі ўжываецца гнуткая сістэма рэгулявання тарыфаў у розныя перыяды года. Пры ўзрастанні аб’ёмаў пасажырапатоку тарыфы большаюць, пры зніжэнні – падаюць. “Мы праводзім палітыку парытэту – гэта значыць, якія каэфіцыенты Расея і Украіна прызначаюць на сваіх тэрыторыях, такія ж каэфіцыенты прызначаюцца для грамадзянаў іншых дзяржаваў на тэрыторыі Беларусі”, – распавёў Столяр.

Дарэчы, у кірунку Расеі тарыфы былі павышаныя на 15 % яшчэ 1 студзеня 2011 г., а з Украінаю дагэтуль заставаліся нязменныя. Новыя тарыфы пачнуць дзеяць 29 траўня.

Учора стала вядома, што адначасова выраслі кошты на праезд у сталічных маршрутках, цяпер квіток каштуе 2700 руб. Папярэдні кошт, 2500 руб., усталявалі толькі месяц таму. Як паведамілі ў ПУП “Аўтадарніка”, павышэнне звязанае з новымі коштамі на паліва.

Такая ж прычына павышэння тарыфаў і на праезд у таксі. У сярэднім сталічныя таксісты паднялі кошты на 800–1000 руб. за км. Аднак у службе “Таксі-сіці” адзначылі, што папярэдняе падвышэнне было больш за год таму. “Новыя кошты на паліва, а таксама на запчасткі для аўтамабіляў патрабуюць і новых цэнаў на праезд”, – адзначыў аператар.

Пакуль застаецца ранейшым кошт на праезд чыгункаю ўнутры краіны, а таксама на праезд у гарадскім і прыгарадным транспарце дзяржаўных транспартных арганізацыяў.

belsat.eu

Стужка навінаў