Да гандлю гатовы?


Заяўляючы, што ў краіне могуць быць вызваленыя палітвязні, Лукашэнка пачынае гуляцца ў “гандаль закладнікамі”, мяркуюць эксперты.

“Завадатараў заклікалі да адказу паводле закону. Да гэтага часу крычаць [на Захадзе]: “Палітвязні, вызваліце!” Хоць, здавалася б, ужо ўсіх адпусцілі, акрамя дваіх, якія ў авангардзе ішлі. Вызвалім і тых, мусіць. Няма чаго дзяржаўныя грошы праядаць у турме, праядаць хлеб”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка ў сераду ў Астане, выступаючы ў Еўразійскім нацыянальным універсітэце імя Л. Гумілёва, паведамляе агенцтва “Інтэрфакс”.

На меркаванне палітолага Алеся Лагвінца, Лукашэнка адмыслова прымяншае колькасць палітвязняў, каб удаваць, што такой праблемы ў краіне няма: “Ён майстра не прызнаваць аб’ектыўную рэчаіснасць, надаваць падзеям сваю, вельмі вольную інтэрпрэтацыю”.

“Лукашэнка пачынае злачынную гульню – ужывае незаконную крымінальную юстыцыю, бярэ ў закладнікі сваіх палітычных апанентаў, а потым выступае ў ролі велікадушнага кіраўніка – пачынае вызваляць вязняў. Маўляў, не ён, а суды вінаватыя”, – кажа прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла.

Эксперты мяркуюць, што нагодаю для цяперашніх выказванняў стаў пачатак гандляванняў з Захадам і краінамі СНД. “Ён пазначыў пэўныя дзеянні, якія могуць быць зробленыя, а могуць і не. Баюся толькі, што рэжым можа паспрабаваць выпусціць толькі частку палітвязняў”, – перасцерагае Алесь Лагвінец.

Праваабаронца Гары Паганяйла нагадвае, што пасля леташніх падзеяў 19 снежня ў краіне ўжо асуджаныя больш за 30 чалавек. “Нават тыя, хто атрымаў умоўныя тэрміны, “хімію” ці адтэрмінаванне пакарання, усё адно застаюцца пад крымінальным пераследам, і выракі ўсім ім вынеслі беспадстаўна”, – зазначае Гары Паганяйла.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары