Ірына Халіп абскарджвае вырак


Журналістка Ірына Халіп, жонка былога кандыдата на прэзідэнта Беларусі Андрэя Саннікава, падала ў Менскі гарадскі суд касацыйную скаргу на прысуд, вынесены ёй судом Заводскага раёну Менску.

16 траўня Ірыну Халіп асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем выканання пакарання на 2 гады. “Гэта так званая папярэдняя скарга, – зазначыла журналістка. – Рэч у тым, што мы з адвакатам яшчэ не атрымалі пратаколу судовага паседжання, хоць ён мае быць пададзены цягам пяці дзён, а ўжо ідзе дзявяты. Мы не ведаем, што ўвайшло ў гэты пратакол, ці ёсць там нашыя пярэчанні, аргументы аб незаконнасці прысуду і гэтак далей”.

Пасля азнаямлення з пратаколам судовага паседжання ў Менгарсуд будзе накіраваная больш аргументаваная скарга, дадала Ірына Халіп.

Маюць намер абскардзіць свае выракі і сустаршыня ў стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павал Севярынец, кіраўнік штабу экс-кандыдата на прэзідэнта Віталя Рымашэўскага, і Сяргей Марцалеў, кіраўнік штабу былога кандыдата на прэзідэнта Мікалая Статкевіча, якія праходзілі ў адной справе з Ірынаю Халіп. Севярынец асуджаны на 3 гады абмежавання волі з адбываннем пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу, Марцалеў – на 2 гады пазбаўлення волі з выпрабавальным тэрмінам 2 гады.

belsat.eu

Стужка навінаў