Манёнак: «Белнафтахім» быў вымушаны павысіць кошты на паліва


Апошнія чатыры месяцы беларускія заводы, што перапрацоўваюць нафту, стратныя, бо кошты на сыравіну сёлета ў студзені павысіліся. “Рэч у тым, што беларускія нафтапрадукты – сацыяльны тавар, таму нафтаперапрацоўчыя заводы, якія рэалізоўваюць сваю прадукцыю на ўнутраным рынку, не атрымліваюць прыбытку. Таму, каб пакрыць гэтыя страты, “Белнафтахім” быў вымушаны павысіць кошты на паліва”, – мяркуе эканамічная аглядальніца Таццяна Манёнак.

Паводле эксперта, адною з галоўных прычынаў павышэння коштаў на паліва застаецца яго значны адток за мяжу. У выніку дэвальвацыі кошт бензіну ў Беларусі ў валютным эквіваленце паменшаў, таму падвышэнне коштаў – вымушаны крок дзеля абароны ўнутранага рынку. “Таксама трэба мець на ўвазе, што Беларусь купляе нафту за валюту, а таму нафтаперапрацоўчыя заводы вымушаныя канвертаваць атрыманыя на ўнутраным рынку грошы, і гэта вымывае абаротныя сродкі”, – кажа Манёнак.

Таццяна Манёнак падкрэсліла, што гэта відавочна не апошняе павышэнне коштаў. “Калі будуць павышацца кошты на нафту, калі не будзе адкуль атрымоўваць валютную выручку коштам экспарту нафтапрадуктаў, ім застаецца толькі павышаць кошты на ўнутраным рынку”, – падкрэсліла Манёнак.

belsat.eu

Стужка навінаў