Маці-гераіню паставілі на ўлік “нядобранадзейных”


Шматдзетную сям’ю Наталлі Амялюк з Бярозаўскага раёну Берасцейскай вобласці паставілі на ўлік сацыяльна небяспечных, хоць тры месяцы таму сельсавет вырашыў узнагародзіць кабету ордэнам маці.

Такое рашэнне камісія ў справах няпоўнагадовых прыняла, спасылаючыся на антысанітарныя ўмовы. Літаральна ж тры месяцы таму сельсавет падаў дакументы на ўзнагароджванне спадарыні Наталлі ордэнам Маці.

Камісія наведала сям’ю ў межах рэйду. Пра яе рашэнне бацькі даведаліся ў школе, ад класнага кіраўніка аднаго з дзяцей. Маці прызнаецца, што ў той дзень у хаце было не прыбрана, бо ўсе капалі бульбу. Сама яна – у адпачынку дзеля догляду за меншаю дачкою. Муж працуе ў мясцовым калгасе, дзе зарабляе каля 1 млн руб. Гэты даход лічыцца дастатковым для сям’і з шасцю дзецьмі, таму грашовай дапамогі ад дзяржавы Амелюкі не атрымліваюць.

Паводле старшыні камісіі ў справах няпоўнагадовых Бярозаўскага гарвыканкаму Ірыны Ярмашук, непрыбраная хата – такі ж значны аргумент, каб паставіць на ўлік, як і алкагалізм бацькоў. Яна таксама паведаміла, што рэйды праводзяцца рэгулярна, і сем’і загадзя ніхто не папярэджвае.

Цяпер сям’ю Амелюкоў могуць у любы момант праверыць паўторна. А калі выявяць праблемы, адправіць дзяцей у інтэрнат. Рэгулюе гэтыя пытанні дэкрэт прэзідэнта №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей, якія знаходзяцца ў праблемных сем’ях”.

Юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч адзначае, што дэкрэт не тлумачыць, што такое “сацыяльна небяспечнае становішча” ў сям’і. Адзіная падстава, якая ў ім сфармуляваная дакладна, – гэта хранічны алкагалізм ці наркаманія, якія мусяць пацвярджацца адпаведным медычным заключэннем. У той жа час, у дэкрэце ідзецца і пра “іншае неналежнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў”.

Паводле эксперта, гэта не азначае, што можна забіраць дзяцей у малазабяспечаных сем’яў. Для гэтага мусяць скласціся сацыяльна небяспечныя для дзіцяці варункі: голад, адсутнасць цёплай вопраткі або спальнага месца. Валянцін Стэфановіч заўважыў, што гаспадары мелі поўнае права не пускаць камісію ў хату, бо гэта іхная прыватная ўласнасць.

belsat.eu

Стужка навінаў