Урад абяцае кампенсацыю


«Цягам найбліжэйшага часу будзе прынятае рашэнне аб падвышэнні ды пераліку працоўных пенсіяў з 1 чэрвеня», – заявіў намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур. Чыноўнік адзначыў, што ў сувязі з ростам інфляцыі «працягнецца кампенсаванне заработнай платы для ўсіх катэгорыяў працаўнікоў бюджэтнае сферы». Ідзецца не аб змяненні тарыфнай стаўкі, а аб «роўнай кампенсацыйнай складальнай».

Намеснік міністра паабяцаў, што хутка будуць створаныя максімальныя ўмовы для падтрымання найслабейшых слаёў насельніцтва. Плануецца павялічыць адрасную сацыяльную дапамогу. На гэтыя мэты спатрэбіцца Br 230–250 млрд. Тур таксама паведаміў аб «змове гуртовых пастаўляльнікаў цэлага шэрагу тавараў» і аб спекуляцыйных коштах на іх. «Шматлікія суб’екты гаспадаркі адчуваюць коштавы інфляцыйны ўсплёск і не пастаўляюць у гандлёвыя сеткі некаторыя віды тавараў», – заявіў ён.

«Сённяшняя сітуацыя ідзе да поўнага разумення таго, што жыць трэба па сродках. І выдаткоўваць трэба тое, што ты зарабляеш. Бо інакш ствараецца дысбаланс, які можа прывесці да даволі сур’ёзнай сітуацыі – выльецца у выглядзе альбо інфляцыі, альбо ў выглядзе пустых паліцаў», – падкрэсліў намеснік міністра. Тур адзначыў, што ўрад можа пайсці на жорсткае скарачэнне дзяржаўных выдаткаў. Адпаведнае паседжанне пройдзе найбліжэйшым часам з удзелам кіраўніка дзяржавы.

belsat.eu

Стужка навінаў