Апельсіны толькі на Новы год


Эксперты прагназуюць надыход часу татальнага дэфіцыту, калі прымуць рашэнне пра ўвядзенне дзяржаўнай манаполіі на імпарт.

“Валюты ў краіне катастрафічна не хапае, таму яе будуць выдаваць паводле квотаў і толькі на так званы “крытычны імпарт”. То бок, дзяржава возьме пад поўны кантроль рынак імпартных спажывецкіх тавараў”, – тлумачыць кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Хто будзе прэзентаваны на гэтым рынку і якія тавары трапяць у “крытычны спіс”, на меркаванне Яраслава Раманчука, будзе вырашаць “вялікая тройца”: Адміністрацыя прэзідэнта, Нацыянальны банк і ўрад. Эканаміст называе гэта рашэнне “бязглуздым”: “Ураду тэрмінова трэба сысці ў адстаўку, калі ён не можа прапанаваць больш адэкватных рашэнняў дзеля выхаду з крызісу”.

Эканаміст Сяргей Чалы мяркуе, што ўвядзенне дзяржаўнай манаполіі на імпарт пагражае краіне татальным дэфіцытам і зніжэннем узроўню жыцця людзей. Аднак эксперт упэўнены, што дзяржаўная манаполія доўга не пратрывае: “У 1991 г. ужо прымалі сумнавядомую Пастанову № 991. Згодна з ёю выканкамы вырашалі, якія тавары трэба ўвозіць у краіну. Рынак імпарту адразу паралізавала, і праз некалькі дзён пастанову адмянілі”.

Нагадаем, сёлета 12 траўня была прынятая Пастанова № 611, якая рэкамендавала вызначаць аб’ёмы, пералік тавараў і гуртовых аператараў дзеля забеспячэння рынку імпартнымі таварамі Міністэрству гандлю сумесна з аблвыканкамамі ды Менгарвыканкамам. Сёння Менгарвыканкам паведаміў, што “пералік імпарцёраў прыняты”. У яго ўвайшлі “дзяржаўныя гуртовыя базы і гуртавікі з доляю дзяржавы”.

belsat.eu

Стужка навінаў