Акцыя “Стоп бензін” прайшла двума маршрутамі


Нягледзячы на тое, што супраць аўтааматараў кінулі міліцыянтаў і асобаў у цывільным.

Таксама затрыманы дырэктар інфармацыйна-асветніцкай установы “За аўта” Арцём Шаркоў.

“Ужо амаль гадзіну я застаюся ў Фрунзенскім РУУС. З якой нагоды затрымалі ды чаго ад мяне хочуць, пакуль ніхто не патлумачыў”, – распавёў “Белсату” Арцём Шаркоў.

Арцёма Шаркова спынілі на выхадзе з залы суда, дзе ён абскарджваў прысуд ад 28 красавіка. Тады за ўдзел у акцыі “Стоп бензін – 2” суд пакараў яго штрафам на 30 базавых велічыняў.

“Тое, што Арцёма затрымалі – гэта глупства. Акцыя ўсё адно адбудзецца, і арганізатар яе не ён, а шараговыя аўтааматары. Ініцыятыва на гэты раз ішла знізу”, – зазначае намеснік дырэктара “За аўта” Фёдар Сухаў. Акцыя запланаваная на сёння – аўтааматары збіраюцца а 19-й гадзіне на аўтастаянцы ля сталічнага гіпермаркету “ProStore”, што ў Чыжоўцы.

Да пачатку акцыі на стаянцы ля гіпермаркету “Prostore” сабралася каля 100 аўтаў. На стаянцы было шмат міліцыянтаў і асобаў у цывільным з рацыямі ды навушнікамі. Да кіроўцаў падышоў намеснік начальніка ГУУСу Менгарвыканкаму палкоўнік Яўсееў з патрабаваннем “сысці з праезжай часткі”. Удзельнікі акцыі вырашылі не “сысці”, а праехаць па Менску.
“Пры выездзе са стаянкі інспектары ДАІ затрымалі некалькі машынаў. Яшчэ частка “згубілася” на святлафорах і падчас руху”, – распавёў “Белсату” прадстаўнік кампаніі “За аўта” Фёдар Сухаў. Аднак, як высветлілася пазней, частка кіроўцаў папросту паехала іншым маршрутам. У выніку адныя аўтааматары фінішавалі ля Нацыянальнай бібліятэкі, яшчэ частка – на стаянцы ля гіпермаркету “ProStore” у Малінаўцы. “Імаверна, дрэнна вучылі мапу”, – пажартаваў Фёдар Сухаў і зазначыў, што так нават лепш атрымалася, бо больш менчукоў пабачылі акцыю.
На пачатку 21-й гадзіны з Фрунзенскага РАУСу вызвалілі Арцёма Шаркова.

Спадар Сухаў зазначыў, што акцыяй можна лічыць і тое, што адбывалася гэтаю ноччу амаль на ўсіх сталічных бензастанцыях: “Гэтымі чэргамі людзі выказалі недавер той сацыяльна-эканамічнай палітыцы, што праводзяць улады”.

Пра тое, што з 24 траўня ў краіне павышаюцца кошты на паліва ў сярэднім на 22 %, было абвешчана ўчора. На бензастанцыях адразу ж утварыліся вялікія чэргі – людзі імкнуліся назапасіць бензіну за стары кошт. Чэргі былі такія вялікія, што аўтааматарам даводзілася займаць першыя палосы праезнай часткі.

belsat.eu

Стужка навінаў