Кошт квадратнага метра ў сталіцы сягае 11 мільёнаў рублёў


Квадратны метр у новым доме будзе каштаваць 11 млн руб. Месца размяшчэння – спальны раён Каменная горка, забудова не элітная, а тыповая. Дом будзе складацца з 6 пад’ездаў і разлічаны на 300 кватэраў.
Да валютнага крызісу кошт на квадратны метр у сталічнай кватэры сягаў 3,2–3,5 млн руб. Падчас валютнай неразбярыхі і множнасці курсаў на некаторыя дамы забудоўнікі ўзнялі кошты постфактум, патлумачыўшы гэта тым, што даражэюць будаўнічыя матэрыялы. Гэта сталася магчыма ў выпадках, калі павышэнне коштаў на будматэрыялы прадугледжвае пераацэнку паводле дамовы. Гэтак, кошты на кватэры ў спальным раёне Сухарава, дзе ў тым ліку будуецца і сацыяльнае жытло, узняліся да 4,2 млн руб. за кв. м.
Новыя кошты, паводле Праектных дэкларацыяў, падымаюцца ў 3–4 разы. Агент па нерухомасці агенцтва «Цэнтрастыль» Сяргей Логінаў мяркуе, што такім чынам забудоўнікі прывязваюць кошт на жытло да курсу долара. «Па сутнасці, новы кошт квадратнага метра ў сталіцы цяпер будзе складаць 2 тыс. долараў. Але ў рублёвым эквіваленце гэтая сума – 11 мільёнаў рублёў – адпужвае больш. Не думаю, што такія кошты захаваюцца на ўвесь перыяд будаўніцтва. З беларускімі заробкамі не знойдзецца 300 ахвотных будаваць кватэры па такім кошце», – адзначыў эксперт.
Разам з тым скарачаюцца крэдытныя праграмы. Па ўсёй краіне адмаўляюць у выдачы льготных крэдытаў пад 5 % гадавых для грамадзянаў, якія стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў. «Варта чакаць павелічэння крэдытнай стаўкі да 21–23 % гадавых. Для льготнікаў прагназуюцца крэдыты пад 14–17 %», – паведаміла крыніца з «Беларусбанку».
belsat.eu
Глядзі таксама
Каментары