За парушальнікаў закону заплацяць іхныя начальнікі


https://youtu.be/aWEKfZKo2yk
Генпракуратура хоча прапанаваць «эфектыўна і сістэматычна прыцягваць службовых асобаў, вінаватых у мытных і падатковых правапарушэннях», да адказнасці.

Пра гэта 24 траўня журналістам паведаміў намеснік генпракурора Беларусі Аляксей Стук. Прыцягваць да адказнасці, паводле чыноўніка, трэба тых кіраўнікоў, якія сваімі дзеяннямі дазваляюць іншым людзям ці юрыдычным структурам парушыць закон.

«Пасля таго як будуць пакрытыя страта ці падатковыя, мытныя плацяжы, службовая асоба, кіраўнік, які стварыў умовы для правапарушэння, мусіць быць прыцягнуты да субсідыяльнай адказнасці», – заявіў Стук. Гэта значыць, што калі парушальнік не зможа заплаціць штраф, за яго гэта мусіць зрабіць ягоны начальнік.

Таксама Генпракуратура прапаноўвае супрацоўнікам Дзяржаўнага мытнага камітэту дакладна фіксаваць звесткі замежных правапарушальнікаў, неабходныя, каб спагнаць з іх штраф, калі тыя вернуцца на сваю радзіму. Пераважна гэта датычыць грамадзянаў тых краінаў, з якімі ў Беларусі не заключаныя міжнародныя прававыя дамовы, паведаміў намеснік генпракурора.

Яшчэ адна ініцыятыва Генеральнай пракуратуры – унесці ў заканадаўства палажэнне, якое дазволіць органам следства яшчэ да завядзення крымінальнай справы забараніць падазраваным у правапарушэннях ды іхным сем’ям распараджацца маёмасцю.

Аляксей Стук таксама паведаміў, што ўжо два гады Генпракуратура ініцыюе дапаўненні Крымінальнага Кодэксу заўвагаю да арт. 423, якая б прадугледжвала крымінальную адказнасць даўжнікоў у выпадку іхнага ўхілення ад пакрыцця стратаў пры магчымасці пакрыць іх. Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра ўтойванне прыбыткаў і адмову ўладкавацца на працу.

Паводле чыноўніка, прапанову Генпракуратуры пакуль падтрымлівае толькі Міністэрства юстыцыі, астатнія зацікаўленыя органы – супраць.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары