Бандарэнку неабходная аперацыя, іначай яго можа паралізаваць


Давераная асоба былога кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава Зміцер Бандарэнка цяпер утрымліваецца ў турме, ён адбывае два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Пра неадкладную неабходнасць аперацыі паведаміла жонка вязня Вольга Бандарэнка.

У следчым ізалятары МУС, дзе ўтрымліваецца Зміцер Бандарэнка, яго агледзеў урач-неўролаг. «Зміцер пісаў у лісце, што ўрач пацвердзіў: неабходная аперацыя. У яго чатыры грыжы дыскаў пазваночніка, зашчэмленыя тры спіннамазгавыя нервы. Патрэбная аперацыя, інакш Зміцер будзе цалкам абезрухоўлены. У яго літаральна вісіць стапа, усё можа скончыцца інвалідным вазком», – паведаміла Вольга Бандарэнка.

Магчыма, дзякуючы высновам спецыяліста Змітра Бандарэнку могуць перавесці ў турэмны шпіталь, акрамя гэтага хвароба можа паўплываць на канчатковы тэрмін заключэння, бо цяпер у Менскім гарадскім судзе знаходзіцца касацыйная скарга на прысуд палітыку.

«Калі будзе разгледжаная касацыйная скарга – не вядома. Зміцер, паводле стану справаў на пятніцу, 20 траўня, яшчэ нават не атрымаў пратаколаў судовага паседжання і не пачаў з імі знаёміцца», – адзначыла Вольга Бандарэнка.

27 красавіка Зміцер Бандарэнка, каардынатар грамадскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», давераная асоба экс-кандыдата на прэзідэнта Беларусі падчас выбараў 2010 г. Андрэя Саннікава, быў прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Так вырашыла суддзя Першамайскага раённага суда Менску Таццяна Рэвінская.

Бандарэнку прызналі вінаватым паводле арт. 342 ч. 1 Крымінальнага Кодэксу – за арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны ўдзел удзел у іх.

belsat.eu

Стужка навінаў