Валейбалісткам не стае грошай нават на экіпіроўку


Трэнер жаночай зборнай: «Нам бы хоць дзясятую частку фінансавання хакею!»
Паводле галоўнага трэнера нацыянальнай валейбольнай зборнай Віктара Ганчарова, фінансавання, якое выдзяляе дзяржава на валейбол, не стае нават на экіпіроўку спартовак. «Даходзіць да таго, што ў паловы каманды форма аднаго колеру, у іншай паловы – другога, – кажа Віктар Ганчароў. – Кожны раз мы мусім аббіваць парогі і выпрошваць фінансаванне, хоць нічога звыш мы не просім: дайце нам хоць дзясятую частку таго, што ідзе на падтрыманне хакею, і поспехі будуць павялічвацца на вачах!»
Паводле спартовак, ганарары за гульні таксама пакідаюць жадаць лепшага. Адна з валейбалістак прызналася, што часам ім наогул нічога не плацяць. «Вось у Магілёве, напрыклад, мы гулялі фактычна за ежу. Нас пакармілі, але грашовай узнагароды мы ніякай не атрымалі», – кажа дзяўчына.
Яна дадае, што ў камандзе наспелі сапраўды сур’ёзныя фінансавыя прэтэнзіі і да Федэрацыі валейболу, і ў цэлым да Міністэрства спорту і турызму. «У нас ёсць гульцы, якія гуляюць у міжнародных клубах з добрымі заробкамі. Мы не патрабуем нічога звыш, але мае быць элементарная павага да нашай працы, павага да таго, што мы фактычна бясплатна прыязджаем на зборы і пасля рэпрэзентуем Беларусь на міжнародных спаборніцтвах», – кажа валейбалістка.
belsat.eu
Стужка навінаў