Леанід Заіка: Рубель перастаў быць грашовай адзінкаю


Нацыянальная валюта Беларусі «зайшла ў тупік» і страціла функцыі меры кошту і сродку зберажэння, лічыць кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка.

Эксперт мяркуе, што беларускі рубель «не валодае такімі важнымі рысамі, як стабільнасць, надзейнасць». Гэта сведчыць пра тое, што ён практычна перастаў быць грашовай адзінкаю.

«Мы маем дзіўную сітуацыю, калі давер насельніцтва да рубля знізіўся да мінімуму, – падкрэсліў кіраўнік цэнтру «Стратэгія». – Нейкія грошы ў насельніцтва яшчэ захаваліся, але асноўная частка [насельніцтва] выдатна «выграбла» ўсе тавары з крамаў, нават соль і запалкі. Калі гэта не трагічна, то прынамсі сімптаматычна для Беларусі».

Паводле Леаніда Заікі, дэвальвацыя беларускага рубля на 56,3 %, якая адбылася 24 траўня, – гэта «проста спроба назваць нейкую велічыню, ад якой можна «танцаваць як ад печкі», зазначыў Заіка, але гэтая спроба «вельмі запозненая».

У краіне, на думку эканаміста, развіваецца небяспечная з’ява – пагаршэнне манетарнай палітыкі, калі ні ўрад, ні Нацбанк не рэагавалі на наяўную сітуацыю на валютным рынку краіны, і насельніцтва пачало само вырашаць фінансавае пытанне. «Насельніцтва стала мяняць долары, рублі, – зазначыў ён. – Цудоўна, што сталі ўзнікаць уласныя інстытуты фінансавых пасрэднікаў: калі не працуе дзяржава, пачынае працаваць насельніцтва».

Самае страшнае, на думку кіраўніка аналітычнага цэнтру, адбудзецца, калі насельніцтва пачне здымаць грошы з дэпазітных рахункаў, што падкрэсліць усеагульную няўпэўненасць ва ўласнай валюце.

belsat.eu

Стужка навінаў