Менская веладарожка ахопіць увесь горад


Дагэтуль яна разрывалася некалькі разоў на пешаходныя дарожкі і праезджую частку для аўтаў.
Паводле рашэння Менгарвыкаму, дарожку для раварыстаў працягнуць да 60 км. Цяпер яна складае ўсяго 27 км. Праз мікрараён «Лошыца» па нізіне новы ўчастак веладарожкі пройдзе ў бок лякарні хуткай дапамогі (вул. Кіжаватава), пасля – у Маскоўскі раён і адтуль ужо па ўсіх раёнах сталіцы. Старшыня арганізацыйна-масавага аддзелу ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Менгарвыканкаму Сяргей Юхнавец адзначае: «Мы вырашылі зрабіць «экскурсійнае кола» з пунктамі пракату ровараў. У мінулыя гады менчукі скардзіліся, што такіх пунктаў не стае. Сапраўды, яны былі толькі ў раёне Нямігі і парку Горкага. Зараз праехаць на ровары па сталіцы будзе прасцей».
Маршрут сапраўды выглядае больш экскурсійным, чым практычным. То бок для людзей, якія хочуць адправіцца на ровары на працу, дарожка не будзе прыдатная. Ужо пабудаваны ўчастак веладарожкі бярэ пачатак ў раёне перасячэння МКАД і вадасховішча Дразды, пралягае ўздоўж Свіслачы, праходзіць па праспекце Пераможцаў, парку імя Горкага, вуліцы Якубава і сканчаецца ў раёне Чыжоўскага вадасховішча.
«Засмучае, што асноўныя праезджыя часткі так і не абсталяваныя для раварыстаў, як тое зроблена ў Еўропе. Увесь час даражэе праезд на грамадскім транспарце, шмат людзей гатовыя перасесці на ровары, але небяспека і неўпарадкаванасць дарог іх адпужваюць», – мяркуе адзін з арганізатараў велапрабегаў у Менску Арцём Кішко.
belsat.eu
Глядзі таксама
Каментары