Дачакаліся


Нацыянальны банк Беларусі нарэшце размясціў на сваім сайце афіцыйны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валютаў.

Згодна з паведамленнем, 1 долар з заўтрашняга дня будзе каштаваць 4930 бел. руб., 1 еўра – 6914,82 бел. руб., 1 рас. руб. – 173,95 бел. руб. То бок усяго за дзень беларускі рубель дэвальвавалі на 56,3 %, а калі лічыць з пачатку года – на 64,3 %.

Інфармацыя пра дэвальвацыю нацыянальнай валюты пачала распаўсюджвацца апоўдні. У Нацбанку ад усялякіх каментарыяў адмаўляліся, але і «чутак» не абвяргалі. «Да канца дня мы падрыхтуем прэс-рэліз, там усё будзе», – супакойваў журналістаў кіраўнік упраўлення інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў. Аднак каментарыяў па сутнасці прынятага рашэння да гэтае пары няма. Адзінае, пра што паведаміў Нацбанк: з 24 траўня на ўсіх сегментах валютнага рынку (пазабіржавы і наяўны) зноўку будзе дзеяць абмежаванне «курс Нацбанку +/-2 %».

А яшчэ ў сакавіку кіраўнік галоўнай фінансавай установы краіны Пётр Пракаповіч завяраў грамадзянаў, што дэвальвацыі Беларусь не ўбачыць: «Прычым калі я кажу «дэвальвацыя», то не маю на ўвазе 20–30%, але нават 5 % дэвальвацыі не будзе».

«Калі сыходзіць з таго, што новы курс на тысячу рублёў ніжэйшы за курс чорнага рынку і на дзве тысячы меншы, чым курс на рынку безнаяўнай валюты, то зразумела, што зробленых захадаў не дастаткова», – зазначыў эканаміст Сяргей Чалы. Эксперт мяркуе, што пасля поўнай бяздзейнасці ўраду спроба адрэгуляваць валютны рынак – гэта крок наперад: «Аднак зноўку ўсё робіцца адміністратыўнымі, а не рынкавымі метадамі».

На меркаванне эканаміста Сяргея Балыкіна, увядзенне абмежавання памерам 2 % толькі правакуе дэвальвацыйныя чаканні насельніцтва і суб’ектаў гаспадарання і тым самым падштурхоўвае беларускі рубель да далейшага абясцэньвання: «Трэба было не ўсталёўваць курс, а адпусціць яго, рынак сам усё адрэгулюе».

Сяргей Чалы міжтым прагназуе параліч міжбанкаўскага рынку, бо наўрад ці прадаўцы захочуць збываць валюту па заніжаным курсе (долар на міжбанкаўскім рынку сёння прадавалі па 6500 руб.): «Валюта ў абменных пунктах не з’явіцца, бо забароны на набыццё камерцыйнымі банкамі валюты на біржы для наступнага продажу насельніцтву ніхто не адмяніў».

На думку Сяргея Балыкіна, у сённяшнім рашэнні Нацбанку ёсць толькі адзін станоўчы момант – экспарцёры будуць ажыццяўляць абавязковы продаж валюты дзяржаве па вышэйшым курсе.

belsat.eu

Стужка навінаў