Справу Андрэя Пачобута разгледзіць Ленінскі суд Горадні


Дату паседжання пакуль не прызначылі, не вядомае і прозвішча суддзі, што будзе весці працэс.

Як распавяла «Белсату» жонка зняволенага журналіста Аксана Пачобут, заўтра Андрэя збіраецца наведаць ягоны адвакат Аляксандр Бірылаў.

«Пакуль навінаў ад Андрэя няма – лісты з турмы ідуць вельмі марудна. Звычайна прыходзяць праз тыдзень пасля таго, як ён іх адпраўляе», – гаворыць Аксана Пачобут. Паводле жанчыны, усе хадайніцтвы Андрэя (у тым ліку пра тое, каб у суд выклікалі Аляксандра Лукашэнку і Лідзію Ярмошыну), а таксама ягонага адваката – пра спыненне справы – былі адхіленыя.

І жонка, і сябры журналіста ўпэўненыя, што чакаць справядлівага прысуду па «справе Пачобута» не выпадае. «Абвінавачванне яму выставілі паводле вельмі гучных артыкулаў, таму пытанне толькі ў тым, які тэрмін дасць яму суддзя», – зазначае гарадзенскі журналіст Ігар Банцар.

Андрэя Пачобута, карэспандэнта польскага выдання «Gazeta Wyborcza», вінавацяць адразу паводле двух артыкулаў Крымінальнага Кодэксу: арт. 368 ч. 1 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і арт. 367 ч. 1 (паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Першы з іх прадугледжвае да двух гадоў зняволення, другі – ад двух да чатырох гадоў. Падставаю для абвінавачвання сталіся публікацыі журналіста ў польскім выданні, на беларускіх інтэрнэт-рэсурсах і ў прыватным блогу.

Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары