Ідэолагі адсочаць, хто філоніць


Пры райвыканкамах стварылі адмысловыя камісіі, якія буду сачыць за працоўнаю дысцыплінаю.

На меркаванне ўладаў, апошнія хвалі эканамічнай нестабільнасці ў краіне наўпрост звязаныя з парушэннем працоўнай дысцыпліны на прадпрыемствах і ва ўстановах. І цяпер чыноўнікі рэгулярна будуць правяраць, ці на месцы працаўнікі.

Чальцы адмысловай камісіі, як паведаміла крыніца на адным з барысаўскіх прадпрыемстваў, будуць не толькі тэлефанаваць на заводы, але і наведваць крамы і банкі, каб адсочваць, хто і чаму стаіць у чарзе. Калі супрацоўнік неправамерна пакінуў сваё месца працы, адказаць за гэта прыйдзецца не толькі яму, але і працадаўцу: складуць акт парушэння працоўнай дысцыпліны.

«На працоўнай нарадзе начальнік папярэдзіў нас, што калі хтосьці падыдзе да нас, калі раптам мы будзем стаяць у чарзе ў краме, і спытае, чаму мы тут знаходзімся, не казаць, з якога мы прадпрыемства і наогул пазбягаць кантактаў», – распавёў суразмоўца з Барысава.

Фіксаваць працоўныя парушэнні загадалі і мясцовай газеце «Адзінства». «Наколькі мы зразумелі, у газеце мы мусім папярэдзіць, што за такія парушэнні чалавека можа чакаць штраф і звальненне», – кажуць журналісты.

Падобныя акцыі ўжо праходзілі за савецкімі часамі. «Падчас кіравання Андропава людзей закрывалі нават у лазнях, перапісвалі, хто дзе працуе, і пасля выносілі паказальныя вымовы, – кажа гісторык Іосіф Пянькоўскі. – Аднак аніякага плёну гэта не дало. Людзі навучыліся выкручвацца, рабіць усё на свой лад. Эканоміка не палепшылася, аднак дух барацьбы чыноўніка-наглядчыка і простага рабочага адчуваўся».

belsat.eu

Стужка навінаў