Антыпрэмія для рэкламнікаў


У межах Другога фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі паўстала новая намінацыя – “Каша сувораўская”. Гэта фактычна антыпрэмія – яна прысуджаецца тым рэкламным прадуктам, якія ігнаруюць факты беларускай гісторыі ды традыцыі айчыннай культуры, а таксама дэманструюць непрафесійнае стаўленне аўтараў да стварэння рэкламы.

“Гэтая прэмія, а дакладней, антыпрэмія, – перш за ўсё люстра рэкламы, якая паказвае памылковыя гістарычныя стэрэатыпы ці зробленая насуперак усім канонам рэкламнай логікі, – тлумачыць каардынатарка культурніцкай кампаніі “Будзьма”, аднаго з арганізатараў фестывалю “AD.NAK!” Ніна Шыдлоўская. – Хочам мы таго ці не, але рэклама вельмі моцна ўплывае на людзей. Таму грэблівае, няўважлівае, неахайнае стаўленне да шматвяковай гісторыі Беларусі, да нацыянальнай мовы, на маю думку, недапушчальнае і ў гэтай сферы”.

Удзельнічаць у конкурсе можа любы чалавек, які заўважыць і дашле прыклады рэкламы, што паводле зместу адпавядаюць любой намінацыі Другога фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі “AD.NAK!” (тэлевізійная і кінарэклама; друкаваная і вонкавая рэклама; дызайн і Art Direction; радыё- ці аўдыёрэклама і г. д.). Падчас падавання заяўкі ўдзельнік конкурсу мусіць пазначыць, на чым канкрэтна грунтуецца прыналежнасць таго ці іншага рэкламнага прадукту да намінацыі “Каша сувораўская”.

Напрыклад, прадукт можа:

– супярэчыць падзеям і логіцы гісторыі Беларусі, традыцыям культуры нашай краіны або канонам рэкламнага мастацтва;

– быць выкананым з памылкамі або “перламі” (тэхналагічнымі ці лагічнымі памылкамі);

– выклікаць адмоўныя эмоцыі (напрыклад, незадавальненне, абурэнне, асуджэнне);

– ствараць адмоўны імідж Беларусі ды беларусаў у замежнікаў.

belsat.eu

Стужка навінаў