300 рублёў заробку, зялёныя тазікі і санкніжка. Як выглядае праца паштальёна


Жыхарка Віцебску распавяла Belsat.eu, як яна спрабавала ўладкавацца на працу паштальёна.

«У нас эканомія»

Каб уладкавацца на працу паштальёнам, трэба цягам трох дзён прайсці стажыроўку. Першае заданне выконвала амаль тры гадзіны: раскладвала газеты. Пасля зірнула на рукі, а яны счарнелыя, як ад сажы. Адмыць няма як – у кране толькі халодная вада. Пытаю: «А ў вас заўсёды няма гарачай вады або толькі сёння?» – «Заўсёды, таму што ў нас эканомія». – «А калі рукі замерзлі, дзе пагрэць?» – «Калі рукі замерзлі, можна сухім паветрам пагрэць». Мне не зразумела, бо, каб было цёплае паветра, трэба электраэнергію расходаваць – дык дзе эканомія? Пытанні ёсць, адказаў няма.

Паштальёны ведаюць, дзе жывуць настаўнікі, а дзе – супрацоўнікі міліцыі

Вельмі добра людзі выпісваюць «Настаўніцкую газету», адразу зразумела, дзе жывуць настаўнікі. «Юный спасатель» – тут жывуць будучыя юныя выратавальнікі.

А працаўнікі міліцыі не толькі выпісваюць, чытаюць газету «На страже», але і канспектуюць, ды карцінкі выразаюць і наклейваюць у сшытак.

Потым аказваецца, што ў некаторыя кватэры адразу па два экзэмпляры выпісана газета «На страже». Я пытаюся ў паштальёна: «А навошта ў адну кватэру па два экзэмпляры адной газеты?» – «Кіраўніцтва прымушае выпісваць міліцыянтаў гэтую газету. А тут і муж, і жонка працуюць у міліцыі». – «Дык няўжо яны адну газету пачытаць не могуць удваіх?» Аказваецца, не могуць. «Трэба весці канспект гэтай газеты. Трэба, каб у канспекце была прыклеена карціначка, выразаная з газеты з загалоўкам артыкула і фотаздымкам».

Тут у мяне нават каментароў не засталося. Цяпер зразумела, чым займаеца такая вялікая колькасць міліцыянтаў.

«Віцьбічы» дораць падпісчыкам пластмасавыя зялёныя тазікі

Жанчыну ва ўзросце ўгаварылі падпісацца на «Віцьбічы». Праз хвіліну загадчыца пошты выходзіць з тазікам і хоча «ўручыць» яго жанчыне. Зялёненькі, пластмасавы. Гэта, аказваецца, газета «Віцьбічы» сваім падпісчыкам вырашыла зрабіць такія падарункі. Бабулька ледзь адбілася ад такога прызу-сюрпрызу, бо ніяк не магла ўцяміць, навошта ёй гэты таз.

Паштальён павінен мець санкніжку

Перад афармленнем на працу трэба прайсці медкамісію – 30 рублёў. Гэта пры нашай «бясплатнай» медыцыне. Дзе ж узяць гэтыя грошы, калі ты працы не маеш? А каб атрымаць санкніжку – яшчэ 10 рублёў. Навошта? Паштальён абавязаны гандляваць прадуктамі харчавання, хадзіць па кватэрах і прапаноўваць што-небудзь купіць. На складзе пошты я бачыла кансервы, 6-літровыя ёмістасці з пітной вадой, цукеркі, печыва і іншае. І ўсё гэта на пошце каштуе даражэй, чым у краме.

Хочацца спытаць: гэта бабуля, якая прыйшла на пошту па пенсію, пацягне буталь з вадой? Ці бедны паштальён, які цягне тачанку з поштай ці заплечнік, павінен бабулі аднесці такі стратэгічны прадукт?

Я ўдакладніла, ці магу адказацца ад продажу прадуктаў і ад атрымання санкніжкі. Мне патлумачылі, што я не атрымаю прэмію, гэта першае, а па-другое, калі не буду прадаваць харчы, то я не адпрацую і тры месяцы, бо мяне звольняць датэрмінова.

Сярэдні заробак паштальёна – 150-180 долараў

Паштальёны зарабляюць у сярэднім 300 –350 рублёў з прэміяльнымі выплатамі.

Усю карэспандэнцыю і газеты паштальёны (у асноўным жанчыны) цягнуць на сабе. Хтосьці скарыстоўвае веласіпед, хто каляску на колцах. Торбы на колах не выдаюць, трэба набываць за свой кошт.

Вось і лічыце, колькі трэба грошы, каб уладкавацца на працу паштальёнам: медкамісія – 30 рублёў, медкніжка – 10, вазок каля 30, а то і больш. А пакуль хадзіла па ўчастку зразумела, што трэба новыя цёплыя рукавіцы, бо ў маіх рукі мерзнуць. І абутак трэба новы: зручны і каб не прапускаў вільгаць. Атрымліваюцца адны растраты.

У гэтыя дні быў страшэнны галалёд, некалькі разоў павалілася. А мы ведаем, як у нас аплочваюць вытворчыя траўмы, скажуць, каб падпісала заяву, што ўпала ідучы на дыскатэку.

Каб вырашыць мой лёс з працаўладкаваннем, мяне накіравалі ў Віцебскаблпошту ў аддзел кадраў да загадчыка. Але там высветлілася, што неабходна чыясьці згода. Бо ні загадчыца пошты, ні начальнік адзела кадраў Белпошты, не маюць права ўзяць на працу самага звычайнага радавога паштальёна без узгаднення з ідэалагічным аддзелам аблвыканкаму.

А тым часам мужчына, які зараз там працуе паштальёнам, марыць хутчэй сысці з гэтай працы і перайсці на значна лягчэйшую – ён знайшоў сабе працу грузчыка, і заробак там будзе 500 рублёў.

Крысціна Авакумава, belsat.eu

Стужка навінаў