30 дзён на перадавой


Дакументаліст Антось Цялежнікаў вярнуўся з Данбасу, дзе на ўласныя вочы пабачыў, як выглядае вайна. Апошні месяц ён правёў на перадавой ў вёсцы Пескі пад Данецкам разам з украінскімі і беларускімі добраахвотнікамі «Правага сектару».

– Ці ёсць сэнс называць тое, што цяпер адбываецца на Данбасе, антытэрарыстычнай аперацыяй? Ці гэта поўнамаштабныя вайсковыя дзеянні?

– Я не прыгадаю антытэрарыстычных аперацыяў, падчас якіх прымяняліся б практычна ўсе віды ўзбраення, у тым ліку цяжкая артылерыя. Бадай што толькі авіяцыі практычна не ўжывалася. Тое, што я адчуў на ўласнай скуры, гэта поўнамаштабная вайна, дзе, важна падкрэсліць, бяруць удзел расейскія адмыслоўцы. Я чуў перамовы па рацыі і перакананы, што там ёсць расейцы.

– А як ты зразумеў, што гэта расейцы?

– Я чуў выразны акцэнт і чуў, як яны карэктуюць агонь. З улікам вільготнасці паветра, ветру ды іншых атмасферных чыннікаў. А «Правы сектар» карэктаваў – «туды 20 метра, сюды 50 метраў». Гэта проста адчувалася: на тым баку дзейнічаюць прафесіяналы.

– Вынік дзеянняў гэтых прафесіяналаў такі, што раён Данецку выглядае як пустэча…

– Прыватны сектар Песках – гэта зруйнаваныя дамы, Бачна, што вельмі шчыльны абстрэл быў. Практычна няма жывога месца. Калі трапляе снарад, або міна, або «Град» – аскепкі ляцяць на шмат метраў і разбураюць усё навокал. Гэта робіць уражанне. Калі побач чуеш выбух снараду ад «Граду», то развітваешся з жыццём.

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

– Ты правёў на вайне амаль два месяцы, з іх месяц – на перадавой з жаўнерамі-добраахвотнікамі «Правага сектару». Чаму ты паехаў менавіта да іх?

– Гэта ўнікальнае фармаванне, што стварылі прыхільнікі «Правага сектару», якія вырашылі са зброяй у руках бараніць Украіну. Але ўкраінскія ўлады не хочуць іх легалізаваць, бо «Правы сектар» не хоча ісці ў падпарадкаванне ні міністэрству абароны, ні міністэрству ўнутраных справаў, бо не давярае ім.

-… і адкрыта крытыкуе сённяшнюю ўладу.

– Так. І з’яўляецца пагрозаю для ўладаў. Таму афіцыйна яны не атрымліваюць ні ўзбраення, ні дапамогі, ні статусу ўдзельнікаў АТО.

– Як яны выжываюць? Каб ваяваць, патрэбнае ўзбраенне. Патрэбныя грошы, ежу.

– Што да зброі, яны прыязджалі з уласнаю – хто з паляўнічай дубальтоўкаю, хто са сваёй зарэгістраванай зброяй. Цяпер яны здабылі шмат зброі ў баях, ды і войска нефармальна дапамагае. Але асноўную дапамогу аказваюць валанцёры. Гэта проста ўнікальны рух. Яны даюць усё – пачынаючы ад шкарпэтак і скочваючы часам зброяй, прыладамі, такімі як оптыка і г.д.

– Хто гэтыя людзі, што ваююць у такіх батальёнах. Ці гэта сапраўды такія дяблы, як малюе расейская прапаганда? Што яны займаюцца марадзёрствам…

– Гэта абсалютна не такія людзі, як пра іх кажа расейская прапаганда. Гэта розныя людзі, часта сяляне, людзі, незаангажаваныя палітычна. Яны пабачылі ў гэтай арганізацыі надзею на эфектыўныя баявыя дзеянні, бо «Правы сектар» не падпарадкоўваецца ўладам, аднак дзеіць поруч з Узброенымі сіламі Украіны. Яны не кідаюць сваіх людзей, не падстаўляюць, клапоцяцца пра кожнага. Гэта ўнікальнае фармаванне, якое ўлады разглядаюць як злачынную групоўку. Яны пасля вайны нават могуць сесці ў турму. Але вельмі шмат людзей ідзе ў арганізацыю, вельмі часта далёкіх ад нацыяналістычных, а тым больш ад фашыстоўскіх поглядаў.

– У гэтых батальёнах ёсць таксама замежнікі. І ў доказ маем тваё відэа з беларускім сцягам на пазіцыях.

– Там ёсць і нашыя суайчыннікі. Увогуле беларусаў багата і ў іншых фармаваннях. Два сцягі на перадавой пад Данецкам – украінскі і беларускі, гэта вельмі сімвалічна і гаворыць пра братэрства двух народаў. Галоўны герой майго фільма ўмацаваў гэты сцяг, зазначыўшы прысутнасць беларусаў на перадавой.

– Колькі асобаў у гэтым батальёне? Як ён дзеіць? Ёсць нейкі план? Адкуль яны ведаюць як дзейнічаць і што рабіць?

– Гэтыя людзі – часта самавукі, нават многія з іх не былі ў войску. Яны вучацца за пару дзён рэчам, якім вучаць у войску паўтары гады і нават болей. Яны ўжо маюць і цяжкае ўзбраенне і за некалькі дзён вучацца ім карыстацца. Я быў сведкам і пакажу вам гэта ў фільме.

– Калі мы зможам на «Белсаце» пабачыць тваю працу?

– Неўзабаве будзе рэпартаж пра добраахвотніцкі корпус «Правага сектару», а пазней будзе фільм пра беларуса.

МЛ/ гутарыла Аліна Коўшык, belsat.eu

Стужка навінаў