30 % беларусаў не ведаюць колькі выдаткоўваюць


А 15 % маюць негатыўны досвед з крэдытамі.

Нацыянальны банк апублікаваў вынікі даследавання фінансавай пісьменнасці беларусаў, якое Інстытут сацыялогіі Акадэміі навук правёў сярод 1 500 беларусаў. Апошні раз сацыёлагі ацэньвалі стан нашай фінансавай пісьменнасці – узроўню ведаў і здольнасцяў, якія дазваляюць правільна ацэньваць сітуацыю на рынку, – у 2013 годзе.

У 2014 годзе падобнае даследаванне праводзіў «Gallup World Poll». Тады паводле стану фінансавых ведаў сярод 140 краінаў Беларусь заняла 24-е месца – разам з Расеяй, Камерунам, Кеніяй, Мадагаскарам, Сербіяй, Тога да Абʼядананымі Арабскімі Эміратамі.

Падчас сёлетняга даследавання больш за палову апытаных не змаглі адказаць або далі няправільны адказ на большасць тэставых пытанняў. Сацыёлагі зазначаюць, што беларусы агулам ацэньваюць свой узровень фінансавых ведаў вышэй, чым ён ёсць насамрэч.

«Грамадзяне Беларусі цягам апошніх некалькіх гадоў сталі арыентавацца ў гэтых пытаннях нашмат лепей», – пішуць даследчыкі. Гэтак, колькасць тых, хто валодае фінансавай матэматыкай на добрым узроўні, у параўнанні з 2013-ым вырасла ў два разы.

Лепш за ўсё апытаныя далі рады пытанням пра зніжкі (84 % адказалі правільна), адказнасць паручыцеля (траціна правільных адказаў), узроўні інфляцыі ды плаваючай стаўцы адсотку (2/3 рэспандэнтаў).

Найгорш беларусы арыентуюцца ў прыбытках з аблігацыяў (менш за 10 %), гарантыях інвестыцыяў, банкаўскіх укладах ды ўкладах у крэдытныя звязы. Цікава, што апытаныя даволі слаба абазнаныя ў розніцы паміж крэдытнаю ды дэбетоваю карткамі (37 % правільных адказаў), нягледзячы на тое, што пластык распаўсюджаны ў Беларусі вельмі шырока.

15 % беларусаў маюць негатыўны досвед карыстання фінансавымі паслугамі: траціна з іх апяклася на спажывецкім крэдыце, яшчэ ў большай часткі (37 %) гэты досвед звязаны з выкарыстоўваннем банкаўскага ўкладу або дэпазіту.

У тое, што пры магчымым канфлікце з банкам будуць улічвацца інтарэсы абодвух бакоў, верыць менш, чым палова беларусаў. Траціна апытаных настроеныя песімістычна: людзі ўпэўненыя, што канфлікт будзе вырашаны на карысць фінансавай арганізацыі.

У выпадку нейкай праблемы палова беларусаў заяўляе, што не будзе ўчыняць ніякіх дзеянняў для яе вырашэння, траціна – што спыніць карыстацца паслугамі да заканчэння кантракту.

Крэдыты падчас распродажу

Практычна кожны чацвёрты рэспандэнт адзначыў, што крэдыт узяў бы для аплаты навучання, або выгоднага набыцця неабходных тавараў падчас распродажу. Кожны пяты выказаў меркаванне пра тое, што крэдыт мае сэнс браць у сітуацыях, калі стаўка па крэдыце ніжэйшая, чымся стаўка паводле ўкладу.

Большасць беларусаў не лічыць важным весці падрабязны ўлік сваіх прыбыткаў і выдаткаў, хоць многія з іх арыентуюцца, колькі зарабляюць ды выдаткоўваюць (каля 70% апытаных).

З даследавання вынікае, што ў выпадку, калі да заробку застаюцца нерастрачаныя грошы, палова нашых суайчыннікаў будзе трымаць іх удома наяўнымі (55 % апытаных) або што-небудзь набудзе (50 %). Зрэдку беларусы робяць уклады ў банк або пакідаюць ашчаджэнні ляжаць на рахунку. 9 % пазычае грошы сябрам і сваякам, а ўва ўласны бізнес, каштоўныя паперы або каштоўнасці грошы ўкладаюць толькі 3 % апытаных.

На думку сацыёлагаў, за апошнія тры гады нічога не змянілася: беларусы па-ранейшаму аддаюць перавагу нерастрачанае растрачваць або трымаць у слоіку – замест таго, каб памнажаць свае сродкі, карыстаючыся фінансавымі інструментамі, якія існуюць у Беларусі.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў