$ 3 млн. Найдаражэйшая лужына Беларусі – у Каменнай горцы

video

Паводле падлікаў жыхароў дому на Прытыцкага, 97, што ў Каменнай горцы, вартасць лужыны каля іхнага дому складае $ 3 млн. Менавіта столькі каштавала дольнікам будаўніцтва шматузроўневага паркінгу, які мусіў паўстаць разам з домам на гэтым месцы некалькі гадоў таму.

На паркоўку з сем’яў збіралі ад $ 10 да 20 тыс., а таксама даплаты за будаўніцтва самога дому, якое вызначылася шэрагам скандалаў. Забудоўнік ЗАТ «Тэрабудінвест» замест кватэраў прадаваў дольнікам паветра. Пацярпелых аказалася больш за 500 чалавек. Улады вырашылі пагасіць канфлікт, папросту памяняўшы забудоўніка.

«Мне абяцалі, што ў звязку з тым, што дом не можа быць пабудаваны без гаражу, што гараж узвядзецца ў строй разам з домам. Такога не адбылося», – кажа Зінаіда, адна з дольніцаў.

«Ні грошай, ні гаража, нічога. І тры гады я атрымоўваю адны адпіскі, і тое, толькі тады, калі прыходжу ў суд і патрабую адказу», – кажа дольніца Таццяна.

Новым забудоўнікам стала дзяржаўная арганізацыя «Менскбуд», якая здала аб’ект, але паркінгу людзі зноў не дачакаліся. Чаму развязанне праблемы не рухаецца шмат гадоў, мы запыталіся ў адміністрацыі таварыства ўласнікаў дому.

«З паркінгам – у адміністрацыю, – кажа нам старшыня таварыства ўласнікаў Анжаліка Цыганкова. – Я да гэтага паркінгу ніякага дачынення не маю. Гэта першае. Па-другое, я не з’яўляюся забудоўнікам».

Як аказалася, праз суд Менгарвыканкам забраў зямлю пад патрэбы гораду. І адказваць за яе стала Адміністрацыя Фрунзенскага раёну. Найбольш жыхары дому непакояцца, што замест парковак у хуткім часе тут узнікне яшчэ адзін шматпавярховік.

Першы забудоўнік ЗАТ «Тэрабудінвест» у 2015-м праходзіў паводле шэрагу крымінальных справаў. Катэджы, кватэры, а таксама долі ўстаўных фондаў разам з грашыма дольнікаў сканфіскавалі на карысць дзяржавы.

«Мы звярталіся і ў гарвыканкам і ў генеральную пракуратуру, пісалі наконт лёсу гэтых грошаў. Нам прапанавалі варыянт далей судзіцца з фактычна банкрутам забудоўнікам, у якога гэтых грошай няма», – кажа жыхар дому Аляксандр.

Жыхары ўпэўненыя, што трапілі ў фінансавую піраміду долевага будаўніцтва, якая «пракручваецца» цяпер ужо з удзелам дзяржаўнага забудоўніка. І найбольш у гэтай сітуацыі падманутых людзей абурае бяздзейнасць органаў кантролю. Чарговая спроба дамагчыся справядлівасці – яшчэ адзін зварот з подпісамі ў Генеральную пракуратуру. Жыхары, аднак, сумняюцца, што гэта дапаможа развязаць праблему. Таму 450 кватэраў так і застаюцца без паркінгу, але з лужынаю. Коштам 3 мільёны.

Таццяна Уласенка

Глядзі таксама
Каментары