3 лютага суд над заўзятарамі-антыфашыстамі


Хоць справа знаходзіцца ў Першамайскім судзе сталіцы, працэс адразу над шасцю абвінавачанымі пачнецца 3 лютага ў Доме правасуддзя а 10:30.

Усе падсудныя – прыхільнікі футбольнага клубу «Партызан», які мае антыфашыстскую ідэалогію. Іллю Валавіку, Вадзіму Бойка, Дзмітрыю Цехановічу, Філіпу Іванову, а таксама менчукам Краўчанку і Чартовічу інкрымінуецца злоснае ці асабліва злоснае злачынства. Двух апошніх, акрамя гэтага, будуць судзіць яшчэ і за захаванне наркотыкаў, а Ілля Валавік праходзіць па другім – артыкуле «Кіраўніцтва незарэгістраванай арганізацыяй».

Некаторыя аспекты гэтай гісторыі ўжо з’яўляліся на belsat.eu.

29 чэрвеня 2014 года адбылася бойка на прыпынку «Універсам» на вуліцы Несцерава, а пасля невядомыя разбілі шкло ў тралейбусе і распылілі газ. Крымінальную справу распачалі паводле артыкулу 339 «Хуліганства». Шкода за разбітае шкло складае 28 рублёў, пацярпелых сярод пасажыраў няма. Паводле версіі следства, такім чынам высветлілі стасункі сябры двух варагуючых клубаў «Тарпеда» і «Партызан». Тады было затрымана 5 чалавек, аднак неўзабаве ўсіх адпусцілі.

Паводле інфармацыі менскіх антыфашыстаў, увосень 2015 году справа трапіла ў аддзел асабліва цяжкіх злачынстваў Следчага камітэту. Расследаванне аднавілі на падставе паказанняў чалавека, які адбывае тэрмін за захаванне наркотыкаў. Таксама вядома, што да справы мае дачыненне і Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю.

Менавіта гэтая структура правяла каля 30 вобшукаў 22 сакавіка 2016 году ў кватэрах фанатаў «Партызана». Як правіла, канфіскоўвалі кампутары, носьбіты інфармацыі, кнігі і нават вопратка, якая, на думку праваахоўнікаў можа мець дачыненне да разбітага вакна тралейбуса. Тады былі затрыманы Ілля Валавік і Вадзім Бойка. Да суду яны знаходзіліся пад вартай. Праз некаторы час арыштавалі Дзмітрыя Ціхановіча і Філіпа Іванова.

Суддзя Дзмітрый Цыкал раней ужо выносіў прысуды актывістам апазіцыі за ўдзел у акцыі салідарнасці з блогерам Эдуардам Пальчысам каля суда, за збор подпісаў за наданне бел-чырвонаму-беламу сцягу статуса культурнай каштоўнасці ды іншыя акцыі пратэсту.

ХМ belsat.eu

Стужка навінаў