Суд прысяжных асудзіў скінгэдаў у Санкт-Пецярбурзе


Чальцы піцерскай банды Баравікова–Ваяводзіна пачулі вердыкт прысяжных паводле абвінавачання ў 15 забойствах і тэрактах. Яны распраўляліся і з тымі, у каго не той колер скуры і разрэз вачэй, з навукоўцам-праваабаронцам і экспертам у справах нацыяналістаў, і нават з удзельнікамі сваёй жа групоўкі.

На рахунку скінгэдаў – жорсткія напады на замежных студэнтаў і выхадцаў з Каўказу, забойствы карэйца Кім Хэн Іка і навукоўца-гісторыка Мікалая Гірэнкі, якога застрэлілі праз дзверы ягонай кватэры.

На працэсе абвінавачаныя і выглядам, і паводзінамі дэманстравалі агрэсію. Адзін з лідараў банды – Аляксей Ваяводзін. Разам з ім на лаве падсудных апынуліся яшчэ 13 чалавек. Тыя, хто пад падпіскай аб нявыездзе, хавалі твары, хто даўно пад вартай – адкрыта ўсміхаліся. Суд прысяжных прызнаў, што 12 чалавек з гэтай банды маюць дачыненне да серыі забойстваў і нападаў ў Пецярбурзе, учыненых на глебе нацыянальнай нянавісці.

Прысяжныя адказалі на 206 пытанняў – гэта рэкорд для гарадскога суда. І часцей за ўсё падчас абвешчання вердыкту гучалі адказы: «Так, віна даказаная» і «Памілавання не варты».

Наталля Цапкала, старшы пракурор аддзелу дзяржаўных абвінаваўцаў пракуратуры Санкт-Пецярбургу: «Усе падсудныя, якія прызнаныя вінаватымі ў бандытызме, прызнаныя вінаватымі ў тым, што яны рабілі ўсе злачынствы на глебе расавай і нацыянальнай нянавісці. І ўсё прысяжныя паводле ўсіх эпізодаў прызналі падсудных вінаватымі, фактычна ўсіх фігурантаў справы прызналі не вартымі памілавання».

Сяргей Капітон, старшы памочнік кіраўніка ўпраўлення следчага камітэту РФ г. Санкт-Пецярбургу: «З матэрыялаў справы вынікае, што банда была добра арганізаваная. У ёй трымаліся прынцыпаў канспірацыі. Банда наўмысна не мела назвы, некаторыя яе чальцы не ведалі адзін аднога, ім не было вядома, хто ў якім канкрэтным нападзе будзе удзельнічаць».

Aднаго з ідэолагаў скінгэдаў, Дзмітрыя Баравікова, зaбілі падчас арышту.

Суд прысяжных у Пецярбурзе ўжо не раз выносіў занадта мяккія прысуды ў падобных справах. Гэтым разам сітуацыя іншая. Удзельнікі банды атрымаюць ад васьмі да дваццаці пяці гадоў турмы. Для лідара банды і для выканаўцаў забойстваў пракуратура можа запатрабаваць пажыццёвага зняволення.

belsat.eu

Стужка навінаў