Паніка ў Беларусі: Банкаматы паўпустыя, курс рубля падае


Пасля абяцанняў прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, што “ў самы бліжэйшы час Беларусь выйдзе на рэальны курс нацыянальнай валюты”, амерыканскі долар ізноў падаражэў. Тым часам беларусы масава здымаюць грошы праз банкаматы.

На чорным рынку за долар сёння даюць 6000 рублёў, набыць жа можна за 6500–7500 рублёў. На міжбанкаўскім валютным рынку кошт долару крыху вышэйшы: набыццё – 7500–7700 рублёў, продаж – 8500–8700 рублёў.

У выгодным становішчы, як высветлілася, аказаліся уладальнікі валютных банкаўскіх картак. Напрыклад, курсы валют для кліентаў банку “Масква–Менск” пры разліку банкаўскаю карткаю складаюць 7500 рублёў за долар і 10 650 рублёў за еўра. Разам з тым, некаторыя банкі ўводзяць абмежаванні на зняцце грошай праз банкамат. Напрыклад, у банку “Масква–Менск” ліміт складае 1 мільён беларускіх рублёў за содні. “На жаль, Нацыянальны банк не выдае беларускіх рублёў, таму мы вымушаныя пайсці на нязручны для кліентаў крок”, – патлумачылі “Белсату” у офісе ўстановы. Як доўга будзе цягнуцца такая сітуацыя, у банку не ведаюць: “Вы жа разумееце, што гэта залежыць не ад нас”.

Між тым, кіраўніцтва Нацбанку ўсе размовы пра дэфіцыт грошай называе лухтою. “Беларускія рублі, як і цукар, на складах маюцца ў дастатковай колькасці”, – заявіў кіраўнік управы інфармацыі банку Анатоль Драздоў.

Аднак насельніцтва, падобна, заявы афіцыйных асобаў успрымае дакладна наадварот. Сёння ў Менску ды іншых буйных гарадах Беларусі сярод насельніцтва ідуць размовы, што краіну бліжэйшымі днямі чакае дэнамінацыя. У чэргах да банкаматаў распаўсюджваюцца чуткі пра абмежаванне ў выдачы наяўных беларускіх грошай.

belsat.eu

Стужка навінаў