«Днюка» сярод найлепшых


«Днюка» – дакументальная стужка тэлеканалу «Белсат» – пазмагаецца з найлепшымі фільмамі свету за ўзнагароду Міжнароднага фестывалю дакументальных фільмаў у Амстэрдаме IDFA. Міжнароднае журы фестывалю абрала фільм беларускіх рэжысёраў Андрэя Куцілы і Аляксандра Налівайкі, зняты для тэлеканалу “Белсат”, для ўдзелу ў конкурсе студэнцкіх фільмаў сярод трынаццаці іншых стужак з дзесяці краінаў свету.

Міжнародны фестываль дакументальных фільмаў у Амстэрдаме – адзін з самых прэстыжных і важных на планеце. Штогод у нідэрландскую сталіцу з’язджаюцца сотні дакументалістаў, прадзюсараў і прадстаўнікоў тэлеканалу з усяго свету. Удзел беларускай стужкі – гэта вялікі поспех і знак найвышэйшае якасці беларускай дакументалістыкі ўвогуле і фільмаў, якія здымаюцца для “Белсату”, у прыватнасці”, – гаворыць Сяргей Пеляса, прэс-сакратар тэлеканалу.

Фільм здымалі ў вёсцы Лышча на Піншчыне. «Днюка» распавядае пра паўсядзённасць палескага сяла. Гэта вельмі маляўнічы і натуралістычны вобраз мікракосмасу людзей сталага веку, часам смешны, часам журботны.

Беларуская стужка раней здабыла дзве міжнародныя ўзнагароды – галоўную ў намінацыі «Найлепшая дакументальная стужка» на V Міжнародным кінафестывалі незалежнага кіно, які адбыўся ў жніўні ў Львове (Украіна), і прыз «Залаты Жабрак для найлепшага рэгіянальнага тэлеканалу» ўна XVI Міжнародным фестывалі рэгіянальных тэлевізіяў, што прайшоў сёлета ў чэрвені ў Кошыцэ (Славаччына).

Міжнародны фестываль дакументальных фільмаў у Амстэрдаме пройдзе 17–28 лістапада 2010 г. Беларуская «Днюка» удзельнічае ў ім пад назваю “Kill the day”.

Афіцыйны сайт фестывалю www.idfa.nl

Стужка навінаў