Дырэктар прыватнай фірмы павесіўся ў сваім кабінеце


Сталічная фірма працуе на рынку ўжо 10 гадоў. Але, паводле супрацоўнікаў, такія цяжкія часы для іх насталі ўпершыню. «Мы займаемся пастаўкамі дэталяў для аўтамабіляў, усе разлікі – валютныя. Месяц таму над фірмаю навісла пагроза закрыцця. Дырэктар вымушаны быў адправіць палову калектыву ў адпачынак за свой кошт. Але долар працягвае расці, і такі крок не выратаваў фірмы», – кажа галоўны бухгалтар Таццяна Л.

Над кампаніяй навісла пагроза закрыцця, дырэктар меў некалькі крэдытаў. Ягоныя калегі ды сваякі мяркуюць, што фінансавая сітуацыя сталася прычынаю суіцыду, хоць ніякай перадсмяротнай запіскі пры ім не знайшлі.

Гэта ўжо трэці вядомы выпадак у Беларусі, калі з-за нестабільнасці валюты людзі ідуць на крайнія крокі. Самагубства зафіксаванае таксама ў Барысаве, а ў Гомлі працаўнік, якога з-за крызісу перавялі на працу па дамове падраду, забіў свайго начальніка нажом у кабінеце апошняга. Па ўсіх выпадках цяпер завялі крымінальныя справы.

«У грамадстве няма праўдзівай інфармацыі пра тое, што цяпер адбываецца. Людзі не ўпэўненыя ў заўтрашнім дні, таму наступствы, якія яны ўяўляюць, часта фармуюцца коштам плётак. Гэтыя плёткі распаўсюджваюцца імкліва, часцей за ўсё нават у натоўпе», – гаворыць псіхолаг Алена Жук. Яна мяркуе, што пакуль урад краіны не пачне адкрыта казаць людзям праўду, сітуацыя будзе толькі пагаршацца.

belsat.eu

Стужка навінаў