Дакументальны фільм «Уладзімір Караткевіч. Душа застанецца»


Ён пражыў 53 гады, але гэтага яму хапіла, каб стварыць Беларусь. Такую Беларусь, якую мы любім менавіта як Беларусь. Ён стварыў яе сваімі кнігамі для сябе і для нас. Творы Уладзіміра Караткевіча – гэта не толькі цікавая гістарычна-дэтэктыўная літаратура, але і прышчэпка любові да Беларусі. Свядома ці несвядома, але атрымаўся менавіта такі эфект. На тое і геній.

Тэлеканал «Белсат» 20 траўня ў цыкле «Невядомая Беларусь» паказаў дакументальны фільм пра таямніцы ўплыву караткевічавых твораў на фармаванне беларускае нацыянальнае свядомасці. І падсвядомасці таксама.

Фільм называецца «Уладзімір Караткевіч. Душа застанецца» паводле першага радка аднаго з вершаў творцы. Гэты выраз адпавядае канцэпцыі стужкі, кажа яе прадзюсарка, спявачка Кася Камоцкая, якая гутарыць пра Караткевіча з героямі фільму: ягонымі сябрамі ды чытачамі-выхаванцамі.

Пачынаецца фільм вершам сучаснага маладога паэта Антона Рудака ў выкананні аўтара:

Вецер хмары па небе ў сумёты збіраў,
І яны застывалі ў маўклівым спакоі.
Сумны хлопчык сядзеў на адхоне Дняпра,
А краіна драмала ў снягах за ракою.

«Бог пакінуў яе. Пэўна, з дзесяць вякоў,
Як забыўся аб нашай няшчаснай радзіме,
Дзе не тое што цмокаў – няма й ветракоў,
Ані Донаў Кіхотаў, каб біліся з імі.

Ён пайшоў і пакінуў нас з ёю саміх –
Дык на чорта малітвы да гэткага Бога?»
Раптам снег прыпыніўся і вецер заціх –
Бог схіліўся і сумна глядзеў на малога.

І пакуль феерверкі ляцелі ўгару
І клалося ў снапы пад сярпамі калоссе,
Ён пайшоў – і адзін нарадзіў Беларусь,
І для першага разу някепска ўдалося.

Ці можна прыдумаць і нарадзіць краіну? Ці можна ў прыдуманай краіне жыць? Пытанні нараджаюць новыя пытанні, калі спрабуеш зразумець тое, што стварыў Караткевіч.

І гэтыя створаныя ім міфы куды больш улюбёныя (бо рамантычныя і натхняльныя), чымся вобразы Беларусі Францішка Багушэвіча. Гэта адзначалі героі фільму «Уладзімір Караткевіч. Душа застанецца». Сярод іх – Васіль Сёмуха, Рыгор Барадулін, Адам Мальдзіс, Валянцін Акудовіч, Андрэй Хадановіч… Гучыць у фільме і голас самога Уладзіміра Караткевіча: ён чытае свае творы, выступае на вечарыне з нагоды 50-годдзя. Мы дзякуем яму за кнігі і Беларусь у іх, а ён там дзякуе беларускай зямлі, мове і ўсім нам, бо без нас «ён нішто».

Рэжысёр фільму Віктар Корзун кажа, што стужка пра Караткевіча кладзецца ў кінадакументалісцкі пантэон пра беларускіх творцаў, які пакрысе ствараецца і дэманструецца на «Белсаце», а прымеркаваны ён да юбілею пісьменніка (у мінулым лістападзе яму споўнілася б 80 гадоў).

«Караткевічу было некамфортна, нецікава ў савецкай Беларусі – і ён, рамантык, геніяльна стварыў сваю. І яна, калі мы чытаем ягоныя творы, неўпрыкмет і натуральна заходзіць у нас і расцякаецца па жылах, як кісларод. Таму Караткевіч добра прадаецца дасюль. Гістарычныя раманы – гэта ягоная місія папулярызацыі беларушчыны, для душы – паэзія, да якой мала хто даходзіць, не ўяўляючы, што ў Караткевіча цудоўныя глыбокія вершы», – кажа Віктар Корзун.

Так, ён прыгадвае такія радкі з вершу-песні «Як сканаю – душа застанецца…»

Ў пільным флюгеры, што пад ветрам

Над страхою ў каханай звініць.

І аднойчы, на золку бязлюдным,

Уздыхне яму ветрык: «Пара!» –

І павернецца ён, і разбудзіць

І дзяўчыну, і свет, і край.

Будзе сонца.

Пад неба ў блакіце

Дуб-Атлас падставіць плячо, –

І тады вы той флюгер разбіце

Справядлівым і новым мячом.

«Разбіццё флюгера – гэта мара пра канец трывогі за Беларусь і рабленне-развіццё Беларусі посткараткевіцкага часу, той краіны, якая стане ўвасабленнем ягоных і нашых мараў», – гэтак трактуе радкі рэжысёр.

Як тое часта бывае, шмат цікавага засталося за кадрам. Напрыклад, адпаведныя атмасферы караткевічавых твораў пошукі легендарнай запіскі творцы, напісанай ім перад смерцю і перададзенай мастаку Аляксею Марачкіну са словамі: «Ты ж ведаеш мой раман «Чорны замак Альшанскі»? Там гаворыцца пра тайнапіс. Я табе даю свой тайнапіс. Зашыфраванае ў ім – вельмі важнае для мяне і для нас усіх».

Шыфр, паводле Марачкіна, такі: а-3, б-1, в-2, г-2 (загалоўныя), г-1 (у радку), д-3, з-1, е-9, і-3, й-1, к-2, л-2, м-1, н-2, о-2, п-1, р-3, с-1, у-3, ў-1, ц-3, ы-1, ь-1, ю-1, я-1, апостраф-1, кропкі-2, коска-1, працяжнік-1.

Але арыгінал згубіўся, кажа Віктар Корзун. Таямніца дасталася.

Прэм’ера дакументальнага фільму «Уладзімір Караткевіч. Душа застанецца» адбылася 20 траўня а 21.40.

Цяпер стужка даступная он-лайн для прагляду і спампоўвання ў раздзеле Фільмы, кліпы

 

Глядзі таксама
Каментары