Міхаіл Русы: Кошты на харчы ў Беларусі падаюць


Прадстаўнікі ўраду не лічаць цэны ў беларускіх крамах высокімі, а таксама заяўляюць пра неабгрунтаванасць ажыятажнага попыту на асобныя прадукты.

«Не лічу нашы цэны высокімі. Пакажыце мне краіну вакол Беларусі, дзе вы можаце купіць, напрыклад, мяса ў краме за 12 тысяч. Адпускная цана нашых памідораў, напрыклад, 8 тысячаў рублёў за кілаграм», – заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Русы, адказваючы на пытанні журналістаў у Менску 19 траўня.

Пры гэтым міністр прызнаў, што дзяржава закупляе ў насельніцтва сельгаспрадукцыю па значна ніжэйшых коштах, чымся прадае. Русы не выключыў, што дзяржава павысіць закупачныя цэны, аднак адмовіўся назваць тэрміны, калі гэта можа адбыцца.

На пытанне пра тое, як падзенне рубля паўплывае на працу прадпрыемстваў сельскагаспадарчай галіны, Русы зазначыў: «Дык не так моцна рубель беларускі і ўпаў».

На некалькі гадзінаў раней віцэ-прэм’ер Беларусі Сяргей Румас заявіў журналістам, што ажыятажны попыт на харчовыя прадукты ў асобных населеных пунктах нічым не абгрунтаваны.

Ён падкрэсліў, што солі ў краіне дастаткова. Пры гэтым Румас мяркуе, што «не найлепшы спосаб – ператвараць кватэры ў склады з солі». «Пройдзе адзін-два дні, і солі ў крамах будзе дастаткова», – адзначыў ён.

Намеснік кіраўніка ўраду канстатаваў, што ў асобных населеных пунктах назіраецца ажыятажны попыт на макарону, крупы. Віцэ-прэм’ер яшчэ раз падкрэсліў, што гэтых тавараў у краіне дастаткова. «Пытанне толькі ў падвозе гэтых тавараў і выкладцы іх на паліцы», – упэўнены Румас

У цэлым, паводле чыноўніка, сітуацыя на спажывецкім рынку стабільная. Больш за тое, дадаў Румас, маніторынг цэнаў у траўні паказаў зніжэнне кошту шэрагу прадуктаў, у прыватнасці крупаў і памідораў.

Варта зазначыць, што, паводле звестак Белстату, з пачатку гэтага года спажывецкія цэны на тавары і паслугі ў Беларусі выраслі на 10,9 %. У прыватнасці, цэны на харчовыя тавары павялічыліся на 12,2 %. Паводле гэтага паказніку Беларусь апярэдзіла Расею, Украіну і Казахстан.

У красавіку харчы ў Беларусі падаражэлі ў параўнанні з сакавіком на 5,5 % (ва Украіне – на 1,5 %, Казахстане – на 1,1 %, Расеі – на 0,3 %). Больш за ўсё цэны выраслі на гародніну (на 24,2 %) і алей (на 22,4 %). Садавіна ў Беларусі падаражэла на 15,7 %, бульба – на 7 %, малако – на 2 %.

belsat.eu

Стужка навінаў