На чорным рынку долар крыху патаннеў


Эксперт мяркуе, што так паўплывала забастоўка імпарцёраў.

«Імпарцёры адмаўляюцца набываць безнаяўны долар па 8 тысяч беларускіх рублёў, бо падлічылі, што гандаль робіцца невыгодным. Пакупніцкая здольнасць насельніцтва нізкая, і па такіх коштах тавары проста браць не будуць», – патлумачыў «Белсату» эканаміст Сяргей Чалы.

Эканаміст не выключае, што курс валюты «ўпёрся ў столь»: «Магчыма, цяпер мы бачым рэальны кошт долара – каля 8 тысячаў на міжбанку і каля 6 тысячаў на чорным рынку». Аднак Сяргей Чалы папярэджвае, што пра стабілізацыю на валютным рынку гаварыць пакуль рана. Паводле эксперта, усё можа змяніцца, калі ўрад вырашыць кампенсаваць насельніцтву страты ад інфляцыі.

Дарэчы, 18 траўня намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік заявіў, што ўрад збіраецца павысіць пенсіі. «Ва ўрадзе разглядаюць пытанне пра павышэнне памераў працоўных пенсіяў. Рашэнне будзе прынятае ў бліжэйшыя месяцы», – паведаміў віцэ-прэм’ер.

Нагадаем, сёння ўпершыню за некалькі месяцаў долар на чорным рынку крыху здаў свае пазіцыі: валютчыкі гатовыя яго браць па 5500 бел. руб. (учора за долар прапаноўвалі 6000 руб.). У электронным абменніку prokopovich.net кошт амерыканскай валюты крыху вышэйшы: 6100–6300 бел. руб. Курс у пунктах абмену валюты ўжо некалькі дзён трымаецца на ўзроўні 4500 руб. за долар. Але набыць там валюту па-ранейшаму немагчыма.

Belsat.eu

Стужка навінаў