Як фальсіфікуюцца выбары: сведчанні падпалкоўніка Казлова


Былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў распавёў пра тое, як фальсіфікаваліся вынікі выбараў у 2008 г. на выбарчым участку № 463, дзе ён дзяжурыў.

“У нейкі момант старшыня камісіі запрасіла мяне ў кабінет і патлумачыла, што ўвечары я атрымаю ключ ад пакою, дзе адбываецца галасаванне, і трэба будзе ёй вярнуць гэты ключ, каб яна магла туды ўкінуць бюлетэні, але я адмовіўся”, – распавёў Мікалай Казлоў журналістам.

Паводле былога міліцыянта, потым яму патэлефанавала кіраўніцтва і запатрабавала, каб ён усё ж аддаў ключ кіраўніцы выбарчай камісіі. “Загадалі аддаць ключы, бо нібыта чальцы камісіі забыліся на нейкія паперы і трэба абавязкова іх забраць, – распавёў Мікалай Казлоў. – Я ўжо не мог не падпарадкавацца і аддаў ключы. І калі камісія ўвайшла, то праз хвілінаў пяць–сем адчыніў дзверы і бачыў, як яны ўкідвалі, заканчвалі ўкідаць бюлетэні”.

Па Старавіленскай акрузе Менску, на тэрыторыі якой месціўся выбарчы участак, балатаваўся старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Аднак паводле афіцыйных вынікаў падліку галасоў, ён прайграў кандыдату ад улады Мікалаю Самасейку. Той, паводле афіцыйных вынікаў, набраў 70 % галасоў.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што мае намер звярнуцца ў пракуратуру з патрабаваннем правесці правяранне па фактах фальсіфікацыі вынікаў выбараў, пра якія паведаміў падпалкоўнік міліцыі ў запасе Мікалай Казлоў, і заклікаў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Мікалая Самасейку часова скласці свае паўнамоцтвы.

“У цывілізаванай краіне пасля такога інтэрв’ю дэпутат мусіў звярнуцца ў пракуратуру і сказаць, што часова здымае з сябе дэпутацкія паўнамоцтвы, пакуль не будзе праведзенае незалежнае расследаванне”, – заявіў Лябедзька.

Мікалай Казлоў заявіў, што за свае словы гатовы адказаць і не збіраецца пакідаць Беларусь, пакуль будзе праводзіцца расследаванне пракуратуры.

belsat.eu

Стужка навінаў