Японскія электрамабілі на дарогах Эстоніі


Бліскучы белы гарадскі аўтамабіль едзе па эстонскай шашы, амаль не прыцягваючы ўвагі. Адзінае, што едзе ён толькі правым, павольным шэрагам. Гэта новае аўта ад Mitsubishi Corporation, якое здабывае папулярнасць у балтыйскай краіне, і завецца яно І-MiEV.

Эстонія імкнецца стаць самаю “зялёнаю” дзяржаваю да 2012 г. праз шырокае карыстанне электрамабілямі замест аўтаў на бензіне. Урад не думае спыняцца на першай партыі з 507 электрамабіляў і плануе працягнуць і павялічыць імпарт.

Талін прадаў 10 млн вугляродных крэдытаў для Mitsubishi Corporation у абмен на аўтамабілі. За рэшту грошай урад плануе стварыць простыя ў карыстанні пункты электрычнага ладавання для аўтамабіляў ва ўсёй краіне, а таксама схему субсідавання кіроўцаў, якія аддаюць перавагу электрычным аўтам перад “бензінавымі”.

Улады Эстоніі не ведаюць дакладна, якія будуць наступствы, але спадзяюцца, што распаўсюд электрамабіляў стане адным з крокаў да паляпшэння экалогіі. Плануецца забяспечыць больш як 200 эстонскіх муніцыпалітэтаў экалагічным і танным сродкам транспарту.

Дагэтуль стварыць рынку электрычных аўтаў не атрымалася, бо бензастанцыі не ставяць прыладаў для ладавання, а людзі не набываюць электрамабіляў, бо няма гэтых ладаванак. Таму электрамабіляў у краіне вельмі мала. Гэта падобна да пытання пра курыцу і яйка: што мусіць з’явіцца раней? Але сітуацыя можа змяніцца да лепшага: бензастанцыі гатовыя падтрымліваць электрамабілі, калі ўрад усталюе ладаванкі для іх за дзяржаўныя сродкі. Прадстаўнікі аўтастанцыяў бачаць ва ўрадавай ініцыятыве рух наперад.

Электрычны аўтамабіль з цалкам наладаваным акумулятарам можа праехаць прыкладна 150 км. У адпаведнасці з пагадненнем паміж Эстоніяй і Mitsubishi шырокую сетку хуткага ладавання сістэмы для электрычных аўтамабіляў створаць блізкім часам. Паўстане каля 250 месцаў, каб “падсілкаваць” аўта: на найбуйнейшых дарогах, у гарадах і вёсках. Батарэю можна наладаваць на 80 % за паўгадзіны.

Адлегласць паміж пунктамі ладавання не будзе перавышаць 100 км. Каб зрабіць выкарыстанне электрычных аўтамабіляў яшчэ больш экалагічным, электраэнергія, якая выкарыстоўваецца для падтрымання такіх аўтамабіляў, будзе вырабляцца з аднаўляльных крыніцаў энергіі.

Кошт электрычнага аўтамабіля па-ранейшаму адносна высокі – каля 35–38 тыс. еўраў. Нават калі штодзённыя выдаткі на эксплуатацыю ў дзесяць разоў меншыя ў параўнанні з аўтамі на бензіне, людзей дагэтуль не пераканалі плаціць так шмат за гэткі маленькі аўтамабіль.

Частка сродкаў ад дамовы паміж Эстоніяй і Mitsubishi пойдзе на субсідыі. Урад заявіў, што можа субсідаваць да 50 % ад кошту для першых 500 пакупнікоў электрамабіляў ад любых вытворцаў.

Спажыўцы не спяшаюцца перасаджвацца за стырно электрамабіляў, бо лічаць іх павольнымі ды нязручнымі з увагі на сталую патрэбу ладавання.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары