Сяргей Балыкін: Беларускую эканоміку не ўратуюць крэдыты


Вялікага спадзеву ўладаў на магчымае выратаванне эканомікі праз атрыманне крэдыту не падтрымлівае незалежны эканаміст Сяргей Балыкін. Ён лічыць, што крэдытамі праблемаў беларускай эканомікі не развязаць.

“Шчыра кажучы, вельмі цяжка разважаць пра намаганні нашага прэзідэнта. Я думаю, што аптымізм Аляксандра Рыгоравіча крыху дачасны, бо адна тэлефонная размова, калі яна нават і была, нічога не вырашае, тым больш, што прэс-служба Крамля нічога не пацвярджае. Магчыма, прэзідэнт паводле старой звычкі выдае пажаданае за рэальнае. Але калі нават Расейская Федэрацыя хоча выдаць крэдыт, гэта будуць вельмі сур’ёзныя ўмовы”, – адзначае эканаміст.

Беларускую эканоміку ўжо не ўратуюць крэдыты, “бо праядаць расейскія крэдыты і датацыі – глупства”, – дадае спадар Балыкін. Да 50 % валавога ўнутранага прадукту Беларусі – гэта крэдыты і датацыі, якія Беларусь атрымлівае ад Расеі.

Таму “праядаць атрыманыя крэдыты – не самы лепшы варыянт цяпер”, лічыць эксперт. Дзеля паляпшэння эканамічнай сітуацыі неабходныя рэформы.

У грамадстве існуе страх, што новы крэдыт ад Расеі можа пазбавіць Беларусь уласнасці на найбуйнейшыя прадпрыемствы. На думку Сяргея Балыкіна, “Прадаць могуць нафтаперапрацоўныя заводы, “Беларуськалій”, славуты МАЗ, магчыма БелАЗ, гарадзенскія і магілёўскія хімічныя заводы. Гэтыя прадпрыемствы дастаткова мадэрнізаваныя, яны далучаныя да тэхналагічных ланцугоў. Для самой Расеі гэтыя прадпрыемствы не такія цікавыя, як для некаторых бізнесоўцаў”.

Што да расейскага рубля, то цяпер цяжка сказаць, ці будзе Расея патрабаваць пераходу Беларусі на сваю валюту, гэта вялікая нагрузка для расейскага бюджэту, але для Беларусі такі крок быў бы выйсцем у цяперашніх абставінах. “Гэта выгадна як сённяшняй уладзе, так і Беларусі”, – мяркуе эканаміст.

“Баюся, што ўлада выратаваць сітуацыю ўжо не зможа. Трэба неадкладна праводзіць комплексныя рынкавыя рэформы, скарачаць дэфіцыт і фінансаванне з бюджэту, вызваліць бізнес, – мяркуе Сяргей Балыкін і дадае: – На жаль, улада на такое не пойдзе, бо за апошнія сямнаццаць гадоў і намёку не было на гэта”.

belsat.eu

Стужка навінаў