Прэм’еры СНД сустрэнуцца ў бібліятэцы


На паседжанні кіраўнікоў урадаў СНД плануюць разгледзець праект дамовы аб зоне свабоднага гандлю. У межах дамовы прадугледжваецца зафіксаваць дзейныя выключэнні з рэжыму свабоднага гандлю, а таксама абавязацельствы не пашыраць іх пералік і пачаць перамовы пра паэтапную адмену экспартных пошлінаў.

Паседжанні Савету кіраўнікоў урадаў СНД, Міждзяржсавету ЕўрАзЭС і найвышэйшага органу, Мытнага саюзу Беларусі, Казахстану і Расеі, адбудуцца ў Нацыянальнай бібліятэцы. Для ўдзелу ў іх у Менск 18 траўня прыбылі прэм’ер-міністры Арменіі, Таджыкістану, Кыргызстану, Узбекістану, Казахстану і віцэ-прэм’ер Малдовы.

Сёння чакаецца прыбыццё віцэ-прэм’ера Туркменістану, прэм’ер-міністра Украіны, першага віцэ-прэм’ера Азербайджану і кіраўніка старшыні ўраду Расеі Уладзіміра Пуціна. Пуцін прыляціць у Менск апошнім – а 12.30, паведаміла напярэдадні прэс-служба беларускага МЗС.

Адным з ключавых пунктаў парадку дня Савету кіраўнікоў урадаў СНД стане прыняцце рамачнай праграмы для супрацоўніцтва ў сферы мірнага выкарыстання атамнай энергіі.

Апрача таго, у межах Міждзяржсавету ЕўрАзЭС кіраўнікі ўрадаў абмяркуюць працу Мытнага саюзу і фармаванне Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП). Асаблівая ўвага будзе нададзеная выкананню плана сумесных захадаў дзеля пераадолення наступстваў сусветнага фінансавага крызісу.

У Менску таксама абмяркуюць пытанне аб даванні Беларусі крэдытнай дапамогі, паведаміў 17 траўня віцэ-прэм’ер – міністр фінансаў РФ Аляксей Кудрын. Запланаваная асобная сустрэча Уладзіміра Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам.

Нагадаем, Менск звярнуўся да ўраду Расеі па крэдыт $ 1 млрд і да Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС па крэдыт $ 2 млрд.

belsat.eu

Стужка навінаў