Пачобут патрабуе, каб у суд выклікалі пацярпелага Лукашэнку


Справу гарадзенскага журналіста перадалі ў абласны суд, цяпер інстанцыя высвятляе, Ленінскі ці Кастрычніцкі раённы суд будзе весці працэс. Пра гэта “Белсату” апавяла жонка зняволенага журналіста Аксана Пачобут.
Паводле Аксаны, якая ўчора была на спатканні з мужам у СІЗА, турма Андрэя не змяніла: “Ён па-ранейшаму жартуе, падбадзёрвае нас і гаворыць, каб рыхтаваліся да таго, што яму давядзецца накіравацца ў калонію”.
Андрэй Пачобут таксама апавёў жонцы, што падаў некалькі хадайніцтваў следчаму. У прыватнасці, журналіст патрабуе спыніць справу праз адсутнасць складу злачынства, калі ж гэта не адбудзецца, то выклікаць у суд «пацярпелага» ад яго публікацыяў Аляксандра Лукашэнку і ў якасці сведкі старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну. Таксама Андрэй Пачобут хоча, каб да матэрыялаў справы далучылі адмову МЗС у акрэдытацыі ды раздрукоўкі інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі, у якіх ён прызнаецца ў фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.
Аксана Пачобут гаворыць, што пакуль адказу на хадайніцтвы не было.
Гарадзенскаму журналісту, карэспандэнту польскай «Gazety Wyborczej» Андрэю Пачобуту выставілі абвінавачанне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ: 368 (частка І) – «абраза» – і 367 (частка І) – «паклёп» у дачыненні прэзідэнта. Паводле першага з іх прадугледжваецца пакаранне да двух гадоў зняволення, паводле другога – ад двух да чатырох гадоў. Справа распачатая на падставе публікацый журналіста.
belsat.eu
Стужка навінаў