Мікалай Статкевіч: 19 снежня ў Беларусі здзейснілі злачынства


У судзе над экс-кандыдатамі на прэзідэнцтва Мікалаем Статкевічам і Дзмітрыем Вусам абвінавачаныя выступілі з апошнім словам.
Мікалай Статкевіч заявіў, што 19 снежня ў Беларусі сапраўды адбылося злачынства, але здзейсніў яго той кандыдат, што захаваў уладу незаконным шляхам. Ён жа спланаваў загадзя акцыю расправы над дэмакратычнымі сіламі. Людзі выйшлі на дэманстрацыю ў мірным настроі, але на іх нацкавалі спецназ, зазначыў Мікалай Статкевіч. Палітык папрасіў прабачэння ў тых, хто быў збіты, апынуўся на нарах і ў турэмных клетках. Палітычныя працэсы ён назваў муляжом правасуддзя і заклікаў еўрапейскіх дыпламатаў “не выкупаць у бандыта закладнікаў”.
Дзмітрый Вус у сваёй прамове зазначыў, што пайшоў на выбары з ідэяй змяніць выбарчы кодэкс. І цяпер сістэма змагаецца не з кандыдатамі, яна змагаецца супраць зменаў. “А калі трэба пацярпець за праўду, то што ж, пацярплю”, – дадаў экс-кандыдат.
Аляксандр Класкоўскі сказаў, што ў яго, як у кожнага чалавека, былі ўчынкі, якімі ён не можа ганарыцца. 19 снежня, паводле Класкоўскага, на плошчы быў не натоўп, а беларуская нацыя, і для яго вялікі гонар, што ён быў з гэтымі людзьмі.
Адвакаты зняволеных падчас судовых спрэчак настойвалі на тым, што падсудным выставілі беспадстаўныя і незаконныя абвінавачанні. Яны зазначалі, што масавых беспарадкаў на Плошчы не было, а толькі хуліганскія дзеянні лакальнага характару. І прасілі суд апраўдаць падабаронных.
Свой вердыкт суддзя Ленінскага раёна сталіцы Людміла Грачова агучыць 20 траўня а 16-й гадзіне.
Дзяржаўны абвінаваўца Кірыл Чубкавец папрасіў суд пакараць экс-кандыдатаў Мікалая Статкевіча 8 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму, Дзмітрыя Вуса пазбавіць волі на 7 гадоў. Яшчэ большы тэрмін абвінавачанне патрабуе для Аляксандра Класкоўскага – 8,5 гадоў. Для Аляксандра Квяткевіча, Дзмітрыя Буланава, Андрэя Пазняка ды Арцёма Грыбкова пракурор патрабуе чатыры гады зняволення.
belsat.eu
Глядзі таксама
Каментары