Прысуд у «справе Някляева – Рымашэўскага» агучаць 20 траўня


Эксперты не выключаюць, што прычына пераносу выніковага паседжання – заўтрашні візіт Уладзіміра Пуціна. “Калі раней я думала, што гандаль палітвязнямі будзе ісці толькі з Захадам, то сённяшняе рашэнне суддзі Жанны Жукоўскай пахіснула маю ўпэўненасць”, – гаворыць старшыня “Праваабарончага альянсу” Людміла Гразнова.

На меркаванне спадарыні Гразновай, трэба аддаць належнае палітычнай вынаходлівасці ўладаў, якія гатовыя скарыстоўваць усе захады, каб выправіць эканамічную сітуацыю ў краіне.

Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька нагадвае, што расейскі бок неаднаразова звяртаў увагу на невыкананне Беларуссю правоў чалавека: “Улады ніяк не рэагавалі на заявы расейскага МЗС, таму гэта можна лічыць маленькім, але выразным адказам Расеі – маўляў, шмат чаго будзе залежаць і ад вас”.

Палітык гаворыць, што перад судамі відавочна пастаўленая задача разабрацца на гэтым тыдні з усімі “палітычнымі”. “Хоць застаюцца яшчэ пяць фігурантаў справы, у тым ліку і я, аднак тым, хто цяпер на лаве падсудных, відавочна хутка будуць вынесеныя прысуды”, – зазначае Анатоль Лябедзька.

Нагадаем, сёння ў Менску адбываюцца два палітычныя працэсы ў справе 19 снежня. У судзе Фрунзенскага раёну суддзя Жанна Жукоўская пасля заканчэння судовых спрэчак абвесціла, што прысуд Уладзіміру Някляеву, Віталю Рымашэўскаму, Сяргею Вазняку, Андрэю Дзмітрыеву, Аляксандру Фядуту і Насты Палажанцы яна абвесціць 20 траўня а 16-й гадзіне.

У судзе Ленінскага раёну, дзе разглядаюць справу былых кандыдатаў на прэзідэнта Міколы Статкевіча і Дзмітрыя Вуса, а таксама ўдзельнікаў Плошчы Аляксандра Класкоўскага, Андрэя Пазняка, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова, Дзмітрыя Буланава, цяпер ідуць судовыя спрэчкі. Пракурор запатрабаваў для падсудных вельмі жорсткага пакарання.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары