Недахоп валюты ў Беларусі ўдарыў па малочным рынку Расеі


Дзеля стабілізацыі сітуацыі на расейскім рынку малака Беларусь гатовая часова прыпыніць экспарт у Расійскую Федэрацыю сухой малочнай сыроваткі ды сухога цэльнага малака. Пра гэта 18 траўня паведамляе інфармацыйнае агенцтва “Интерфакс-Запад”. Такое рашэнне прынялі пасля відэаканферэнцыі кіраўнікоў расейскай і беларускай сельскай гаспадаркі Алены Скрыннік і Міхаіла Русага.

Кіраўнікі дамовіліся, што экспарт беларускіх малочных прадуктаў будзе ажыццяўляцца толькі праз “упаўнаважаныя беларускія кампаніі з магчымым выкарыстаннем механізму біржавых гандляванняў на расійскай біржы”. “У выпадку выяўлення фактаў экспарту сыру ў Расейскую Федэрацыю за кошты, ніжэйшыя за рэкамендаваныя, будзе прымацца рашэнне аб прыпыненні паставак гэтай прадукцыі з канкрэтнага прадпрыемства”, – падкрэсліваецца ў заяве Мінсельгаспраду.

Як паведаміў “Белсату” эканаміст Сяргей Чалы, сённяшняя навіна аб прыпыненні экспарту сухога малака не ёсць уціскам беларускіх інтарэсаў – магчыма, наадварот. “Прычына дэмпінгу – недахоп валюты. Дзеля хутчэйшага атрымання валюты прадпрыемствы прадавалі малочную прадукцыю танней”, – сказаў аналітык. Сяргей Чалы лічыць, што прынятыя захады дазволяць дзяржаве цалкам падпарадкаваць сабе экспартны гандаль малочнымі прадуктамі ды істотна абмяжуе правілы вольнай канкурэнцыі ў гэтым сектары.

Нагадаем, што Нацыянальны саюз вытворцаў малака Расеі (“Союзмолоко”) выступіў з ініцыятываю часова прыпыніць імпарт сухага малака, масла, сыру і сыроваткі з Беларусі. Нізкія кошты і вялікія аб’ёмы беларускай прадукцыі прывялі да падзення агульнага ўзроўню коштаў і аб’ёмаў продажу расейскіх малочных прадуктаў. “Гэта нясе катастрафічныя страты малочнай галіне Расеі”, – заявілі прадстаўнікі Нацыянальнага саюзу вытворцаў малака Расеі. Саюз выступіў з ініцыятываю ўзгадніць рэгуляванне коштаў і аб’ёмы малочнай прадукцыі, а таксама прапанаваў выкарыстоўваць біржавыя механізмы дзеля шчыльнага кантролю за імпартам гэтага беларускага тавару.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары