Адвакат Някляева: У справе няма складу злачынства


Адвакат Някляева Уладзімір Букштынаў просіць суд Фрунзенскага раёну Менску апраўдаць падабароннага.

Выступаючы 18 траўня на судовых спрэчках, адвакат заявіў: “Калі адкінуць з абвінавачання дзейнасць Някляева ў межах кампаніі “Гавары праўду!”, не звяртаць увагі на несапраўдную выснову, што дзеянні Някляева былі скіраваныя на ўвядзенне супраць Беларусі замежных санкцыяў, а таксама выключыць падзеі, што адбыліся пасля збівання палітыка, то ўрэшце застаецца наступнае: Някляеў парушыў закон аб масавых акцыях, заклікаючы грамадзянаў на плошчу, і прайшоў з дэманстрантамі па вуліцы Калектарнай. Гэта ўсё, што зрабіў Някляеў”.

Паводле словаў Букштынава, у ягонага падабароннага наагул не было намеру парушаць грамадскі парадак. Наадварот, адзначыў адвакат, была набытая гукаўзмацняльная апаратура, сфармаваная дружына, адбываліся спробы перамоваў з прадстаўнікамі Міністэрства ўнутраных справаў.

Больш за тое, сказаў Букштынаў, 19 снежня генеральнаму пракурору было перададзенае запрашэнне прыйсці на плошчу, каб самому ацаніць падзеі ды стаць гарантам выканання закону. “У дзеяннях Някляева адсутнічае склад злачынства, таму ён мае быць апраўданы”, – рэзюмаваў адвакат.

Ён таксама падкрэсліў, што гэтая справа стала вынікам “палітычнага супрацьстаяння, ад якога ўжо ўсе стаміліся”. Адвакат прапанаваў суддзі зрабіць крок да прымірэння.

belsat.eu

Стужка навінаў