Латвія: Змаганне за мову


У Латвіі стартавалі адразу дзве грамадскія ініцыятывы рэферэндуму. Нацыянальная кансерватыўная партыя Латвіі “Visu Latvijai!” (“Усё для Латвіі!”) пачала збор подпісаў за законапраект, паводле якога ва ўсіх дзяржаўных школах дзеці мусяць навучацца па-латышску. Лідар партыі Райвіс Дзынтарс тлумачыць гэта тым, што пасля сканчэння школы 39 % вучняў слаба ведаюць дзяржаўную мову Латвіі.

“Калі мы прымем факт, што ў Латвіі на рынку працы будзе пераважаць толькі адна дзяржаўная мова, тады мы аўтаматычна ўціскаем правы вялікай часткі грамадства. З другога боку, дыскрымінацыяй будзе і дамінаванне расейскай мовы, якая не ёсць дзяржаўнаю. Мы не хочам дапусціць ніводнага з гэтых сцэнараў”, – патлумачыў палітык.

Партыя “Усё для Латвіі!” ўжо сабрала 10 000 подпісаў і перадала іх у Цэнтрвыбаркам. Калі інстанцыя станоўча паставіцца да гэтага праекту, то ініцыятарам трэба будзе сабраць яшчэ 140 000 подпісаў на працягу месяца, каб законапраект перадалі ў парламент. У выпадку, калі парламент падтрымае ініцыятыву, будзе прызначаны афіцыйны дзень рэферэндуму.

Працаўнікі школаў нацыянальных меншасцяў не задаволеныя гэтаю ініцыятываю. “Я лічу, гэта выкліча шматлікія цяжкасці, ёсць багата прычынаў, якія замінаюць гэтай змене. Гэта і кадравая праблема – не ўсе настаўнікі гатовыя да такога, і гэта таксама праблема для студэнтаў, бо некаторыя дысцыпліны цяжкія для разумення нават на роднай мове”, – мяркуе Барыс Антонаў, дырэктар СШ № 46 у Рызе.

У адказ на ініцыятыву партыі “Усё для Латвіі!” расейскія арганізацыі пачалі збіраць подпісы за правядзенне ідэнтычнай працэдуры і наданне расейскай мове статусу дзяржаўнай. “Мы, расейскія жыхары Латвіі, не можам больш адступаць і хочам даць адказ, бо, на мой погляд, ініцыятыва Райвіса Дзынтарса негуманная, і, буду шчыры, ён толькі імкнецца да змяншэння колькасці расейскіх сем’яў”, – заявіў Уладзімір Ліндэрман, арганізатар кампаніі “Родная мова”. Кампанія таксама сабрала неабходныя 10 000 подпісаў і перадала іх у Цэнтрвыбаркам.

belsat.eu

Стужка навінаў