МНС і ратавальнікі рыхтуюцца да купальнага сезону


https://youtu.be/yK5Whqh8_hE
Летась ратавальнікі канстатавалі вялікую колькасць патанулых – 1313 чалавек, сярод іх 82 непаўналетнія. У Таварыстве ратавання на вадзе тлумачаць гэта анамальна гарачым надвор’ем у 2010 г. і як вынік – большаю колькасцю купальшчыкаў.

Днямі на рацэ Свіслач у раёне сталічнай вул. Маякоўскага прайшлі вучэнні працаўнікоў Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Ленінскага раёну Менску – ратавалі “тапельца”. Разам з працаўнікамі Таварыства ратавання на вадзе яны дасталі з ракі чалавека, які ўмоўна тануў, і даставілі яго на бераг, дзе аказалі першую дапамогу. А вось з перавозам “тапельца” ў медычную ўстанову паўстала праблема: непаслухмяныя насілкі ніяк не ўдавалася змясціць у мікрааўтобус. Ці то тэхніка падвяла, ці то ратавальнікам умення не хапіла.

Ратавальная аперацыя на вадзе праводзілася падчас комплексных вучэнняў з органамі кіравання і сіламі дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацыяў і грамадзянскай абароны Ленінскага раёну Менску.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары